Мінск 21:07

Губернатар Бранскай вобласці паведаміў пра другога за дзень пацярпелага ад удару дрона беларуса

Ілюстрацыйнае фота: U.S. Army / NARA (public domain)

22 кастрычніка, Позірк. Яшчэ аб адным пацярпелым ад удару дрона беларусу паведаміў губернатар Бранскай вобласці (Расія) Ягор Кавальчук у сваім тэлеграм-канале.

“Каля вёскі Дзяменка Навазыбкаўскай гарадской акругі ў выніку выбуху беспілотніка паранены кіроўца грузавога аўтамабіля. Медыкі надалі пацярпеламу неабходную дапамогу, прызначанае амбулаторнае лячэнне”, — напісаў чыноўнік.

Кавальчук таксама заявіў, што беларус “пацярпеў ад нападаў УСУ”.

Раней у той жа дзень расійскае агенцтва ТАСС са спасылкай на беларускае Міністэрства замежных спраў паведаміла пра беларуса, якіраніцай 22 кастрычніка ў Жукоўскім раёне Бранскай вобласці Расіі пацярпеў у выніку траплення беспілотніка па фуры.

Пагрозы яго жыццю няма, ён шпіталізаваны.

8 кастрычніка ў Бранскай вобласці РФ у выніку атакі БПЛА на грузавы аўтамабіль з беларускай рэгістрацыяй была цяжка параненая беларуска, ёй спатрэбілася хірургічнае ўмяшанне з ампутацыяй канечнасцяў. 13 кастрычніка Генеральная пракуратура Беларусі паведаміла аб узбуджэнні справы па ч. 2 арт. 289 КК (акт тэрарызму).

На наступны дзень пасля здарэння Міністэрства замежных спраў Беларусі ўручыла ноту пратэсту часоваму паверанаму ў справах Украіны Івану Навіцкаму ў сувязі з “атакай украінскага беспілотнага лятальнага апарата на грузавы аўтамабіль з беларускай рэгістрацыяй у Бранскай вобласці РФ”. Ведамства абвінаваціла Кіеў у наўмысным удары БПЛА па беларускім грузавіку.

9 кастрычніка МЗС Украіны выказаў пратэст у сувязі з заявай беларускага знешнепалітычнага ведамства: “Лічым беспадстаўным ўскладанне адказнасці на Украіну без апублікавання пераканаўчых доказаў яе датычнасці. Звяртаем увагу на тое, што публічныя абвінавачванні Украіны з боку Мінска суправаджаюцца рыторыкай пра нібыта наўмыснае ўцягванне Беларусі ў канфлікт і пагрозамі “адэкватных мер у адказ“.

Кіеў адхіліў “падобныя абсурдныя абвінавачванні“ ад краіны, якая “з’яўляецца саўдзельніцай злачынства агрэсіі супраць Украіны і надае шырокае садзейнічанне Расіі ў злачыннай захопніцкай вайне”.

17 чэрвеня ў Бранскай вобласці трапіў пад удар аўтобус з выхаванцамі Рэчыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 (Гомельская вобласць). У транспартным сродку, які рухаўся з Рэчыцы ў Геленджык, знаходзілася 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014-2015 гадоў нараджэння.

Пацярпела восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей, загінула жонка трэнера Рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў аўтобус з беларускімі дзецьмі трапіў менавіта ўкраінскі дрон.

Крымінальныя справы пасля гэтага былі распачатыя спачатку ў РФ, затым у Беларусі — таксама паводле арт. 289 КК. Пазней урад замацаваў за арганізатарамі выезду групы дзяцей за межы краіны на міжнародныя мерапрыемствы і суправаджаючымі асобамі адказнасць за забеспячэнне бяспекі непаўналетніх.

У канцы верасня неафіцыйна паведамлялася, што два беларускія вялікагрузныя аўтамабілі трапілі пад удары беспілотнікаў недалёка ад пункта пропуску Чырвоны Камень, які знаходзіцца на беларуска-расійскай мяжы, на сумежным баку ў Гомельскай вобласці мае назву Селішча.

2 ліпеня паведамлялася пра ўдар беспілотніка ў пункце пропуску Чырвоны Камень на мяжы Гомельскай і Бранскай абласцей. Пацярпеў аўтобус, які рухаўся па маршруце Мінск-Анапа з 19 пасажырамі. Два кіроўцы і адзін пасажыр атрымалі лёгкія раненні.

Падзяліцца: