Мінск 12:49

У Гродне п’яны мужчына страляў з акна па прыпаркаваным у двары транспарце

Фота: УУС Гродзенскага аблвыканкама

12 лістапада, Позірк. У дачыненні да 37-гадовага жыхара Гродна распачатая крымінальная справа паводле арт. 339 КК (хуліганства), паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Згодна з інфармацыяй тэрытарыяльнага ўпраўлення ўнутраных спраў, увечары 27 кастрычніка жыхар абласнога цэнтра пасля ўжывання алкаголю пачаў страляць з пнеўматычнага пісталета па прыпаркаваным у двары транспарце.

Мужчына трапіў у лабавое шкло аўтамабіля “Фольксваген”. Ранкам пашкоджанні выявіла ўладальніца машыны. Жанчына паведаміла пра здарэнне ў Ленінскі РАУС.

Асобу стралка высветлілі ў рамках аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Пнеўматычны пісталет канфіскаваны. Мужчыну можа пагражаць да 3 гадоў пазбаўлення волі. Адзначаецца, што раней ён ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.

31 жніўня стала вядома, што жыхар Чэрыкаўскага раёна (Магілёўская вобласць) прыгавораны да 5 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 2 і 3 арт. 339 КК — за стральбу з пнеўматычнай зброі па людзях і аўтамабілях. Газабалонны пнеўматычны пісталет Stalker S92ME і балончык да яго былі забраныя ў даход дзяржавы. Суд выкарысташ да фігуранта прымусовыя захады бяспекі і лячэння ад хранічнага алкагалізму.

25 жніўня паведамлялася пра затрыманне 21-гадовага жыхара Івацэвіцкага раёна (Брэсцкая вобласць) за стральбу з пнеўматычнай зброі ў незнаёмага 53-гадовага мужчыну.

Падзяліцца: