Мінск 01:16

Прадстаўнікі Офіса Ціханоўскай абмеркавалі праблемы беларусаў у Літве з кіраўніком групы “За дэмакратычную Беларусь” у Сейме

12 лістапада, Позірк. Аб сустрэчы дырэктара Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільнюсе Дзяніса Кучынскага і дарадцы па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоля Лябедзькі з кіраўніком групы “За дэмакратычную Беларусь” у Сейме Літвы Русланасам Баранавасам паведамляе прэс-служба дэмлідара.

Асноўнымі тэмамі сустрэчы названы пошук рашэнняў для прызнання і абмену беларускіх пасведчанняў кіроўцы на еўрапейскія, а таксама фінансавая дапамога грамадзянам Беларусі ў Літве, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю.

Бакі таксама абмеркавалі сумесную працу ў ПАСЕ і ПА АБСЕ, планы на час старшынства Літвы ў Савеце ЕС у 2027 годзе.

“Мы вельмі цэнім, што падтрымка беларусаў застаецца важнай тэмай для літоўскага парламента. У наступным годзе мы хочам пашырыць нашае супрацоўніцтва, асабліва на еўрапейскім узроўні”, — адзначыў Кучынскі.

Дзейны дазвол на пражыванне ў Літве на 1 кастрычніка 2026 года мелі 47.592 грамадзяніны Беларусі, сведчаць статыстычныя даныя Дэпартамента міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў гэтай балтыйскай дзяржавы.

Праведзены “Позіркам” аналіз паказаў, што за месяц іх колькасць зменшылася на 280, або на 0,58% (на 1 верасня — 47.872), ад пачатку 2026 года — на 2.694, або на 5,36% (на 1 студзеня — 50.286), у гадавым вымярэнні — на 3.621, або на 7,07% (на 1 кастрычніка 2025-га — 51.213), да 1 кастрычніка 2024-га — на 13.765, або на 22,43% (61.357).

Падзяліцца: