Мінск 16:41

З 2020 года ў Беларусі ліквідавана не менш за 2.090 НКА — Lawtrend

Лога: lawtrend.org

11 лістапада, Позірк. З 2020 года да канца кастрычніка 2026-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 2.090 НКА — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, вынікае з новага агляду праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

На канец верасня колькасць ліквідаваных арганізацый складала 2.078, жніўня — 2.072, ліпеня — 2.053, чэрвеня — 2.044, траўня — 2.033, красавіка — 2.022, сакавіка — 2.020, лютага — 2.012, студзеня — 1.995; снежня 2025 года — 1.990, 2024-га — 1.891, 2023-га — 1.509.

Паводле звестак Lawtrend, з 2021 года не менш за 1.272 НКА былі прымусова ліквідаваныя альбо знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі, яшчэ сама меней 818 прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі.

У кастрычніку Lawtrend выявіў інфармацыю пра раней прынятыя рашэнні аб прымусовай ліквідацыі трох фондаў і адной недзяржаўнай установы. Таксама найменш сем НКА прынялі рашэнне пра самастойную ліквідацыю. 

Паводле аналізу даных Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, з пачатку 2026 года да канца кастрычніка ў Беларусі зарэгістравана каля 25 некамерцыйных арганізацый. Сярод іх арыентоўна 13 недзяржаўных устаноў і 12 грамадскіх аб’яднанняў. Найбольш прадстаўленыя арганізацыі спартыўнай накіраванасці і вольнага часу, а таксама ўстановы, звязаныя з абаронай жывёл. Звестак пра рэгістрацыю новых фондаў у 2026 годзе Lawtrend не выявіў.

У канцы кастрычніка Міністэрства юстыцыі ўпершыню за некалькі гадоў апублікавала звесткі пра колькасць зарэгістраваных у краіне фондаў. Паводле ведамства, іх 105, з якіх 61 спецыялізуецца на дабрачыннай дзейнасці. У сферы аховы здароўя дабрачыннасцю займаюцца 19 фондаў.

Падзяліцца: