Мінск 23:57

На палітычных кансультацыях у Мінску абмеркаваныя перспектывы актывізацыі супрацоўніцтва Беларусі і Швейцарыі — МЗС

10 лістапада, Позірк. “Стан і перспектывы актывізацыі супрацоўніцтва Беларусі і Швейцарыі” абмеркавалі 10 лістапада падчас чарговага раўнда двухбаковых палітычных кансультацый, паведаміла прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Беларускую дэлегацыю ачоліў намеснік міністра замежных спраў Ігар Сякрэта, швейцарскую — начальнік упраўлення Еўразіі Федэральнага дэпартамента замежных спраў П’ер-Іў Фукс.

“Бакі абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня, у тым ліку дыялогу са Швейцарыяй як дзейным старшынёй АБСЕ і сітуацыі ў рэгіёне і свеце”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе МЗС.

Супрацоўніцтву Мінска і Берна ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і іншых сферах у кантэксце існых рамачных умоў была нададзеная, як адзначаецца ў паведамленні, “асаблівая ўвага”.

4 лістапада Федэральны савет Швейцарыі паведаміў аб далучэнні да дадатковых санкцый Еўрасаюза супраць Беларусі. Гаворка ідзе пра абмежаванні, якія ЕС увёў 23 ліпеня адначасова з 21-м пакетам санкцый супраць Расіі, куды былі ўключаныя рэстрыкцыі ў дачыненні да Беларусі.

Падставай для дадатковых мер у дачыненні да Мінска была названая “ўцягнутасць Беларусі ў вайну Расіі супраць Украіны, якая працягваецца”.

Як паведамляў “Позірк”, 23 ліпеня Савет ЕС увёў санкцыі супраць Мазырскага НПЗ і зарэгістраванай у Смаленску Еўрапейскай гандлёвай кампаніі — даччынай структуры Беларускай нафтавай кампаніі, якая прадае прадукцыю беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

У пералік арганізацый, пастаўкі тэхналогій якім абмежаваныя, уключаныя “ЧЫП і ДЫП”, Рагачоўскі завод “Дыяпраектар”, канструктарскае бюро “Дысплей” і “Завод корпусных вырабаў”.

Была пашыраная забарона на экспарт у Беларусь тавараў для ваеннай, абароннай і аэракасмічнай галін, у тым ліку асобных металаў і абсталявання для беспілотнікаў. Адначасова прадугледжаныя выключэнні для паставак абсталявання грамадзянскім сеткам электроннай сувязі, якія не кантралююцца беларускай дзяржавай больш чым на 50%.

Уведзеныя абмежаванні на імпарт з Беларусі шэрагу руд і металаў, хімічнай прадукцыі, вырабаў са шкла і аўтазапчастак.

Забарона для грамадзян і рэзідэнтаў Беларусі валодаць, кантраляваць або кампаніямі ЕС, калі яны надаюць паслугі крыптагаманцоў, рахункаў і захоўвання, распаўсюджаная на астатнія паслугі ў сферы крыптаактываў. Абмежаванне не тычыцца асоб, якія маюць грамадзянства або часовы ці пастаянны від на жыхарства ў краінах ЕС, Еўрапейскай эканамічнай зоны або Швейцарыі.

14 верасня новы амбасадар Швейцарыі ў Мінску Штэфан Эстэрман уручыў копіі даверчых грамат намесніку міністра замежных спраў Ігару Сякрэту. З гэтага моманту лічыцца, што ён прыступіў да выканання абавязкаў з некаторымі абмежаваннямі (у прыватнасці, не можа сустракацца з прадстаўнікамі вышэйшага кіраўніцтва краіны да ўручэння даверчых грамат).

На сустрэчы бакі, як заяўлялася, абмеркавалі “актуальны стан і перспектывы актывізацыі супрацоўніцтва Беларусі і Швейцарыі ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і іншых сферах у кантэксце існых рамкавых умоў, а таксама абмяняліся думкамі пра сітуацыю ў рэгіёне і свеце”.

Швейцарыя — адна з нешматлікіх дэмакратычных краін Еўропы, якая на фоне рэпрэсій, што разгарнуліся ў Беларусі, накіравала ў Мінск дыпламата ўзроўню амбасадара. У той жа час краіна, як правіла, далучаецца да санкцый, якія ЕС уводзіць у дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Амбасадар Беларусі ў Швейцарыі Аляксандр Ганевіч у красавіку 2025 года канстатаваў, што двухбаковае супрацоўніцтва з Бернам прыпыненае, але Мінск не зацікаўлены ў доўгатэрміновай замарозцы стасункаў.

“Мы заклікаем нашых контрагентаў не гнацца за палітычнай кан’юнктурай, адмовіцца ад бяздумнага капіявання санкцый ЕС (Швейцарыя не ўваходзіць у Еўрасаюз, але з’яўляецца падпісантам многіх двухбаковых дагавораў і міждзяржаўных пагадненняў у Еўропе; як правіла, далучаецца да абмежавальных мер, якія ўводзіць ЕС. — “Позірк”.) з прыцэлам найперш на доўгатэрміновыя перспектывы супрацоўніцтва. Такі падыход мог бы стаць першым крокам у напрамку актывізацыі двухбаковага дыялогу”, — сказаў ён.

На думку Ганевіча, міжнародная сітуацыя развіваецца “дынамічна і часам непрадказальна”, таму абедзвюм краінам трэба быць гатовымі да перазагрузкі адносін, “каб не шкадаваць пра страчаны час і магчымасці”.

“Зыходзім з таго, што здаровы сэнс у канчатковым выніку возьме верх. Упэўнены, што эйфарыя, якая ўзнікла ў Еўрасаюзе і была падхопленая Швейцарыяй, наконт магчымасці нанясення нейкай непрымальнай эканамічнай шкоды Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі непазбежна зменіцца працверажэннем і разуменнем неабходнасці вяртання да прымальнага ўзроўню супрацоўніцтва”, — заявіў тады дыпламат.

Амбасадар адзначыў, што Швейцарыя — “у адрозненне ад многіх іншых краін” — займае “больш узважаную і прагматычную пазіцыю па Беларусі”, дзякуючы чаму захоўваюцца “каналы для двухбаковага дыялогу”, гэта дазваляе “лепш разумець нюансіроўку падыходаў супрацьлеглага боку”.

Гл. таксама:

Генпракуратура Швейцарыі адхіліла скаргу экс-палітзняволенай Хершэ “аб злачынствах супраць чалавечнасці“

Падзяліцца: