Мінск 22:16

Беларуска Ксенія Хамянкова перамагла ў міжнародным конкурсе сучаснага мастацтва Arte Laguna Prize

Прэзентацыя: artelaguna.world / скрыншот: "Позірк"

10 лістапада, Позірк. Пра перамогу беларускай мастачкі Ксеніі Хамянковай, якая працуе пад псеўданімам theatrical_hunt, у міжнародным конкурсе сучаснага мастацтва Arte Laguna Prize паведамілі яго арганізатары.

Ураджэнка Гомеля 1996 года нараджэння стала абсалютнай пераможцай 21-га конкурсу за працу Routine (“Руціна”). Галоўная ўзнагарода прадугледжвае грашовую прэмію ў памеры 10 тыс. еўра. Цырымонія ўзнагароджання адбылася 6 лістапада ў Венецыі.

Прадстаўленая ёю на конкурс фатаграфія ўваходзіць у серыю Almost Home (“Амаль дома”), створаную паводле матываў аповесці Франца Кафкі “Ператварэнне”. Здымкі праходзілі ў закінутай кватэры ў старым горадзе Вільнюса. Серыя стала часткай магістарскага праекта мастачкі ў Вільнюскай акадэміі мастацтваў.

На фота зафіксаваны эпізод з жыцця сям’і Замзы — момант, калі прыбіральшчыца выяўляе Грэгара (Грэгар Замза — галоўны герой аповесці Франца Кафкі “Ператварэнне”. — “Позірк”). Паводле тлумачэння аўтара, цэнтральны стан працы — трывога, адчуванне адчужанасці сярод знаёмых рэчаў.

Журы адзначыла далікатнасць працы, яе фрагментарнасць, антрапалагічны і тэатральны характар, а таксама роздум пра жанчыну, якая вяртае сабе хатнюю прастору.

Arte Laguna Prize — міжнародны конкурс сучаснага мастацтва, заснаваны ў 2006 годзе з ініцыятывы італьянскай культурнай асацыяцыі MoCA. Ён аб’ядноўвае аўтараў, якія працуюць з фатаграфіяй, жывапісам, скульптурай, інсталяцыямі, відэа і іншымі мастацкімі формамі. Фіналістаў і пераможцаў выбірае міжнароднае журы.

Сёлета ў венецыянскім Арсенале — гістарычным комплексе суднабудаўнічых верфяў і майстэрняў, частка якога сёння выкарыстоўваецца для мастацкіх выстаў, адначасова прадстаўлены працы 240 фіналістаў двух конкурсаў — 20-га і 21-га — з больш як 50 краін. Выстава працягнецца да 29 лістапада.

Падзяліцца: