Мінск 14:54

Праз месяц пасля няўдалага скоку роўпджампер памёр у сталічнай бальніцы — СМІ

10 лістапада, Позірк. Роупджампер, які ў мінулым месяцы ўпаў з вышыні ў прамзоне аддаленага сталічнага мікрараёна Сосны, 9 лістапада памёр у Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Мінску, паведамляюць беларускія СМІ.

У прыватнасці, гэтую інфармацыю парталу Onliner пацвердзілі блізкія і знаёмыя мужчыны. Большую частку часу ён правёў у медыкаментозным сне.

Траўмы, якія пасля прывялі да смерці, 40-гадовы мужчына атрымаў 10 кастрычніка ў выніку няўдалага скоку з трубы былой кацельні — з вышыні 40 метраў. Паводле інфармацыі медыя, падчас падзення абарваўся страховачны трос.

У сярэдзіне мінулага месяца Следчы камітэт паведаміў, што ў выніку падзення мужчына атрымаў шматлікія траўмы. Дапамагаючы свайму знаёмаму, 36-гадоваму індывідуальнаму прадпрымальніку, які аказвае паслугі па экстрэмальных скоках (роўпджампінгу), рыхтаваць пляцоўку да прыёму кліентаў, ён вырашыў здзейсніць скок, самастойна замацаваўшы страховачнае абсталяванне.

СК заявіў, што ў выніку няправільнай фіксацыі вузлоў мужчына ўпаў на зямлю. У цяжкім стане ён быў дастаўлены ў бальніцу.

Згодна з інфармацыяй СМІ, у чэрвені 2017 года ў тым жа месцы загінуў іншы роўпджампер — 27-гадовы жыхар Салігорска (Мінская вобласць). Малады чалавек скокнуў з трубы былой кацельні з вышыні 70 метраў і разбіўся.

Падзяліцца: