Мінск 13:02

Чацвёра замежнікаў паўстануць перад судом на падставе абвінавачання ў арганізацыі незаконнага ўезду 19 чалавек у Беларусь

Ілюстрацыя: Tingey Injury Law Firm / unsplash.com

10 лістапада, Позірк. У суд накіраваная крымінальная справа чатырох замежных грамадзян, абвінавачаных у арганізацыі незаконнай міграцыі, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаныя, якім ад 19 да 29 гадоў, дзейнічаючы “паводле папярэдняй змовы, за грашовае ўзнагароджанне арганізоўвалі незаконны ўезд” у Беларусь прынамсі 19 замежнікаў, “іх наступную перавозку і размяшчэнне ў Мінску”.

Напрыканцы траўня 2026 года абвінавачаныя, як сцвярджаецца, арганізавалі перавозку з памежнага раёна ў сталіцу сямі замежнікаў, у тым ліку двух дзяцей. На пачатку чэрвеня яны, паводле звестак следства, арганізавалі незаконную міграцыю яшчэ 11 чалавек, якія перасеклі беларускую мяжу ў раёне ракі Сож. Трэці эпізод тычыцца ўезду аднаго замежнага грамадзяніна.

Усе гэтыя людзі перасякалі мяжу па-за пунктамі пропуску, не маючы віз.

Прыбылых размяшчалі ў арандаваных жылых памяшканнях. Паводле сцвярджэння пракуратуры, абвінавачаныя “выкарыстоўвалі захады канспірацыі і ўзаемадзейнічалі з іншымі асобамі, якія садзейнічалі незаконнай міграцыі”.

Даход фігурантаў справы ад дапамогі гэтым людзям, паводле звестак ведамства, перавысіў 19 тыс. рублёў.

Грамадзянства абвінавачаных і прыбылых замежнікаў, а таксама краіны, з якіх яны ўязджалі ў Беларусь, у паведамленні не ўдакладняюцца.

Усе чацвёра фігурантаў застаюцца пад вартай. Іх дзеянні кваліфікаваныя паводле ч. 1 арт. 371¹ КК (арганізацыя незаконнай міграцыі). Справу расследаваў аддзел Следчага камітэта па Фрунзенскім раёне Мінска.

Варта адзначыць, што 1 жніўня МУС паведамляла пра затрыманне чатырох выхадцаў з Блізкага Усходу (19–29 гадоў), якія “не мелі рэгістрацыі” ў Беларусі “і не працавалі”. Паведамлялася, што на працягу двух гадоў фігуранты “забяспечвалі незаконнае перамяшчэнне людзей” з краін Паўднёвай Азіі з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі ў Беларусь. Выкарыстоўваючы асабістыя аўтамабілі, дастаўлялі іх у Мінск, а пры неабходнасці арганізоўвалі пераход дзяржаўнай мяжы па-за вызначанымі пунктамі пропуску — праз лясныя масівы і раку.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца міграцыйны крызіс, які ўлады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: