Мінск 11:43

Эканамічны выйгрыш Беларусі ад бензінавага крызісу ў Расіі вычэрпваецца — даследаванне

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

10 лістапада, Позірк. Выгады Беларусі ад расійскага бензінавага крызісу выявіліся кароткачасовымі, гаворыцца ў даследаванні, апублікаваным 9 лістапада сеткай FREE Network. Яго аўтары — даследчык цэнтра BEROC Дзмітрый Крук і спецыяліст iSANS Яўген Макарчук.

Паводле іх ацэнкі, беларускія пастаўкі кампенсавалі прыкладна “30% недавытворчасці бензіну” ў Расіі, забяспечваючы каля паловы імпарту гэтага паліва. Аднак адносна расійскага спажывання іх доля складала толькі каля 6%.

У даследаванні адзначаецца, што павелічэнне паставак стымулявала беларускую нафтаперапрацоўку, транспарт ды аптовы гандаль. Дадатковыя экспартныя паступленні падтрымалі інвестыцыі і падвышэнне заробкаў. Разам з тым значная частка ўнутранага попыту, які быў вырас, задавальнялася імпартам, што абмяжоўвала станоўчы эфект для эканомікі.

Аўтары канстатуюць, што да ліпеня — жніўня беларускія НПЗ наблізіліся да максімальнай загрузкі. Рэзерваў для далейшага павелічэння вытворчасці, згодна з даследаваннем, не засталося. Дадатковым абмежаваннем сталі восеньскія рамонты ўстановак ААТ “Нафтан”.

Падкрэсліваецца, што важную ролю адыгрывае “давальніцкая перапрацоўка”: расійскія кампаніі даюць нафту і забіраюць нафтапрадукты, аплачваючы беларускім прадпрыемствам перапрацоўку. Такая схема абмяжоўвае даходы апошніх ад спрыяльнай кан’юнктуры.

На думку аўтараў, атрыманыя Беларуссю выгады падтрымлівалі эканамічны рост на працягу аднаго-двух кварталаў. Пасля, на думку Крука і Макарчука, іх могуць пераважыць наступствы расійскага запаволення: высокія працэнтныя стаўкі, паслабленне попыту на беларускія тавары ды інфляцыйны ціск.

Пры скарачэнні расійскага попыту на паліва, адзначаецца ў даследаванні, станоўчы эфект здольны хутка змяніцца адмоўным.

Аўтары перасцерагаюць ад пераацэнкі палітычнага значэння паставак: на іх думку, такія пастаўкі не сведчаць ні пра незаменнасць Беларусі для РФ, ані пра з’яўленне ўстойлівай крыніцы дадатковых даходаў беларускіх уладаў.

На пачатку верасня старшыня канцэрна “Белнафтахім” Ілья Ікан заявіў, што дэфіцыт нафтапрадуктаў у Расіі і яго папаўненне сіламі беларускіх НПЗ станоўча адбіліся на фінансавых паказчыках працы апошніх.

“Галіна спрацавала прыбыткова, і гэта адзін з найлепшых вынікаў за апошняе, мабыць, дзесяцігоддзе, — заявіў ён у інтэрв’ю ведамаснаму часопісу “Веснік Белнафтахіма”. — На фоне такой кан’юнктуры мы максімальна выкарысталі спрыяльную сітуацыю на знешніх рынках, перш за ўсё на ўсходнім кірунку”.

Дэфіцыт паліва ў Расіі выкліканы незапланаванымі спыненнямі НПЗ пасля рэгулярных удараў украінскіх беспілотнікаў па аб’ектах нафтаперапрацоўкі і захоўвання нафтапрадуктаў.

19 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў Аляксандра Лукашэнку спыніць пастаўкі нафтапрадуктаў расійскай арміі. На наступны дзень у звароце да суайчыннікаў ён заявіў, што толькі за студзень — травень пастаўкі бензіну з Беларусі ў Расію выраслі ў 13 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, дызельнага паліва — у тры разы.

Звесткі пра экспарт нафтапрадуктаў у РФ Мінск не раскрывае.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: