Мінск 15:38

Краіны Захаду ілжыва выстаўляюць Беларусь пагрозай дзеля асваення бюджэтаў ЕС і НАТО, сцвярджае Вальфовіч

Архіўнае відэа: тэлеканал "Першы інфармацыйны" / стоп-кадр: "Позірк"

9 лістапада, Позірк. Заходнія краіны “спрабуюць выставіць Мінск крыніцай гібрыдных атак”, заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч 9 лістапада ў Маскве на 14-й сустрэчы сакратароў саветаў бяспекі дзяржаў СНД.

“Нібыта гэта мы самі арганізавалі каналы незаконнай міграцыі, пранікненне дронаў і паветраных шароў, лічбавыя дыверсіі, пашкоджанне крытычнай інфраструктуры”, — цытуюць чыноўніка дзяржаўныя СМІ.

Паводле яго слоў, да пагроз адносяць нават беларускія прадукты харчавання, паліва і бязвізавы ўезд у Беларусь.

Вальфовіч сцвярджае, што гэта робіцца дзеля апраўдання ціску на беларускія ўлады, увядзення санкцый і закрыцця межаў. Ключавой прычынай таго, чаму так адбываецца, ён назваў “асваенне бюджэтаў НАТО і ЕС”.

“Гэта ўжо мэтанакіраваны бізнес па атрыманні дадатковых знешніх асігнаванняў на вайсковыя патрэбы, — сцвярджае дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі. — Акрамя таго, гэта выдатны спосаб затушаваць уласныя ўнутраныя праблемы, асабліва яскрава і заканамерна гэта праяўляецца ва ўмовах электаральных кампаній”.

Акрамя таго, паводле яго слоў, Захад у якасці ідэйнага абгрунтавання сваёй мілітарысцкай палітыкі выкарыстоўвае спекуляцыі пра ўяўную ваенную пагрозу з Усходу.

“Выдатна ўсведамляючы ілюзорнасць гэтай небяспекі, заходнія палітыкі зрушваюць фокус увагі на так званыя гібрыдныя пагрозы. Наглядным палігонам для абкаткі такой стратэгіі выступае Беларусь, якая штодня адчувае на сабе такога кшталту ўздзеянне”, — заявіў Вальфовіч.

Чыноўнік лічыць, што ежа ў асабістым багажы, бензін у баках прыватных асоб, якія выязджаюць з беларускай тэрыторыі, блакаванне навін пра жыццё ў Беларусі не задавальняюць кіраўніцтва заходніх краін.

“Раздражняе праўда, якую іх грамадзяне бачаць, наведваючы Беларусь, і тое, што яны пасля распавядаюць і прывозяць ад нас. Паказальна, што падчас аперацый па спыненні кантрабандных каналаў і перапраў уцекачоў, якія праводзіліся спецслужбамі сумежных з Беларуссю краін, былі арыштаваныя дзясяткі супрацоўнікаў уласных спецслужбаў і дзяржорганаў. Пры гэтым сярод затрыманых няма ніводнага беларуса”, — заявіў Вальфовіч.

Паводле яго сцвярджэння, Мінск выступае з ініцыятывамі па дыялогу з заходнімі суседзямі ў сферы бяспекі — па інцыдэнтах з беспілотнікамі, паветранымі шарамі, мігрантамі.

“Нашы задачы не змяніліся — недапушчэнне эскалацыі абстаноўкі і прадухіленне ненаўмысных інцыдэнтаў. Але, як высвятляецца, да дыялогу гатовыя не ўсе. Больш за тое, ён для іх палітычна небяспечны, бо знізіць іх перадвыбарныя рэйтынгі… Мы і надалей гатовыя забяспечваць усе неабходныя ўмовы для прасоўвання мірнага працэсу”, — падкрэсліў прамоўца.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Еўрасаюз праз Беларусь, бо тых туды нібыта “паклікалі”, а сам ЕС “душыць” Мінск санкцыямі.

Метэазонды і паветраныя шары нярэдка выкарыстоўваюцца для дастаўкі кантрабандных цыгарэт з Беларусі ў суседнія краіны ЕС.

Рэжым Лукашэнкі падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю 24 лютага 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: