Мінск 16:51

Жыхар Магілёва, які абрабаваў банк, мае гульнявую залежнасць — МУС

Ілюстрацыйнае фота: sb.by

29 лістапада, Позірк. З удзелам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова ў Магілёве прайшло пасяджэнне аператыўнага штаба па “раскрыцці асабліва цяжкага злачынства, якое здарылася ў абласным цэнтры”, паведамляе МУС.

Ведамства прыводзіць падрабязнасці рабавання банка ў Магілёве: “Пасля спрацоўвання “трывожнай кнопкі” інфармацыя аб тым, што здарылася, і апісанне падазраванага былі неадкладна перададзеныя ўсім нарадам. У рэгіёне ўводзіліся спецыяльныя планы, на месца здарэння накіроўваліся супрацоўнікі падраздзяленняў крымінальнай міліцыі цэнтральнага апарата МУС, байцы спецпадраздзяленняў, створаны аператыўны штаб”.

Заяўляецца, што “пошукі зламысніка вяліся ў кругласутачным рэжыме на працягу некалькіх сутак”. “Дзякуючы карпатлівай працы міліцыянераў сумесна з экспертамі і следчымі ўстаноўлена асоба нападніка. Ім аказаўся 40-гадовы магілёвец”, — гаворыцца ў паведамленні.

Мужчына затрыманы супрацоўнікамі крымінальнага вышуку пры сілавой падтрымцы атрада “Алмаз”, ён дае прызнальныя паказанні, паведамляецца, што “грашовыя сродкі канфіскаваныя”.

“Да крымінальнай адказнасці раней мужчына не прыцягваўся, працаўладкаваны. Устаноўлена, што ён мае гульнявую залежнасць. За разбой фігуранту пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі”, — адзначае МУС.

Аб затрыманні падазраванага ў нападзе на аддзяленне банка ведамства паведаміла раніцай 29 лістапада.

Неўзабаве пасля гэтага Следчы камітэт паведаміў, што затрыманы — 40-гадовы жыхар Магілёва. Адзначалася, што ў ходзе пошукавых мерапрыемстваў і агляду прылеглай да банка тэрыторыі, а таксама найблізкай лесапалосы знойдзены “прадмет, вонкава падобны на пісталет”. Па выніках даследавання “біялагічныя сляды, узятыя са зброі, супалі з генатыпам” мужчыны. Пасля гэтага той быў затрыманы.

Рабаванне аддзялення “Беларусбанка” было здзейснена ўвечары 26 лістапада.

Невядомы мужчына, паводле інфармацыі МУС, “пагражаючы прадметам, падобным на пісталет, завалодаў грашовымі сродкамі на суму каля 8 тыс. рублёў і ўцёк”.

Магілёўскі міжраённы аддзел СК распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 207 КК (разбой, учынены з мэтай завалодання маёмасцю ў буйным памеры).

Падзяліцца: