Мінск 16:16

Ціханоўская ў Дзень памяці ахвяр Галадамору: Расія зноў вядзе вайну супраць украінскага народа, мы павінны дапамагчы Украіне перамагчы

Ілюстрацыйнае фота: David Tomaseti / unsplash.com

28 лістапада, Позірк. Словы падтрымкі выказала ўкраінскаму народу беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 28 лістапада, калі ва Украіне адзначаецца Дзень памяці ахвяр Галадамору (чацвёртая субота лістапада).

“У Дзень памяці ахвяр Галадамору мы смуткуем па мільёнах украінцаў, якіх наўмысна замарылі голадам у 1932–1933 гадах, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы X. — Расія зноў вядзе вайну супраць украінскага народа, яго свабоды і ідэнтычнасці. Ваша свабода — гэта наша свабода. Мы павінны дапамагчы Украіне перамагчы”.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў гэты дзень канстатаваў, што тыя падзеі “згадваць балюча”, а “дараваць немагчыма”.

“Наогул не існуе слоў, якімі можна было б выказаць трагедыю болю і пакут, якія ўкраінцы былі вымушаныя перажыць спачатку ў 1921, 1922, 1923 гадах. Пасля — у самыя змрочныя 1932–1933 гады Галадамору-генaцыду. І, нарэшце, — у 1946–1947 гадах голаду, калі здавалася, што пасля жахаў Другой сусветнай вайны такія злачынствы ўжо дакладна не павінны паўтарыцца, — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале. — Усё гэта аднолькава бязлітасна закранула і дзяцей, і жанчын, і мужчын. Мільёны бязвінных і закатаваных, якіх таталітарная сістэма выракла на галодную смерць. Бязлітасна і мэтанакіравана. За тое, што яны ўкраінцы”.

Паводле слоў палітыка, сённяшняя Расія “атрымала ў спадчыну <…> і зноў зрабіла часткай сваёй палітыкі” нянавісць і жаданне знішчыць украінскі народ.

“Мы зноў бачым той самы расійскі намер сцерці Украіну і ўкраінцаў і зрабіць гэта самымі жорсткімі метадамі, якія за гады, што мінулі пасля галадамораў, Крэмль стрымана адточваў на нашым ды іншых народах, — заявіў ён. — І паўсюль на ўкраінскай зямлі, куды прыйшла Расія, цяпер няма жыцця. І мы зноў супрацьстаім крамлёўскім нелюдзям, зноў абараняемся ад Расіі, якая зусім не змянілася і нясе ва Украіну і Еўропу смерць, бедствы, татальную нянавісць і пагрозу ўсім свабодным народам. Мы павінны быць адзінымі ў гэтай барацьбе”.

Святло свечак, якія 28 лістапада будуць гарэць “ва Украіне і паўсюль на планеце, дзе ёсць украінцы”, паводле слоў Зяленскага, стане данінай памяці “ўсім бязвінным ахвярам галадамораў”.

“Пакуль мы запальваем гэты агонь, не згасне памяць пра іх. Пакуль мы робім гэта, мы ведаем: нас імкнуліся знішчыць, закатаваць, скарыць. Не змаглі, — падкрэсліў прэзідэнт Украіны. — Ад нас хацелі схаваць праўду і назаўжды замаўчаць страшныя злачынствы. Не змаглі. Нас хацелі заблытаць, увесці ў зман, зрабіць так, каб мы сумняваліся, не памяталі або даравалі ім. Не змаглі. І не змогуць”.

Згодна з вызначэннем Украінскага інстытута нацыянальнай памяці, Галадамор — гэта акт генацыду ўкраінскага народа, “вынік спецыяльна арганізаванага камуністычным кіраўніцтвам штучнага голаду ў 1932–1933 гадах, які прывёў да гібелі мільёнаў людзей”.

Апрача Украіны Галадамор прызналі генацыдам Аўстралія, Балгарыя, Бельгія, Бразілія, Ватыкан, Венгрыя, Вялікабрытанія, Германія, Грузія, ЗША, Ірландыя, Ісландыя, Італія, Калумбія, Канада, Латвія, Літва, Люксембург, Малдова, Мексіка, Нідэрланды, Парагвай, Партугалія, Перу, Польшча, Славакія, Славенія, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швейцарыя, Эквадор ды Эстонія, а таксама Еўрапейскі парламент і Парламенцкая асамблея Савета Еўропы. Беларусі ў гэтым спісе няма.

Падзяліцца: