Мінск 13:30

Латушка даў паказанні польскай паліцыі адносна атрыманых пагроз

Архіўнае фота: "Позірк"

28 лістапада, Позірк. У сувязі з “пагрозамі жыццю і здароўю, якія паступілі ад крымінальных элементаў з Беларусі”, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка 27 лістапада ў якасці пацярпелага даў паказанні ў раённым упраўленні паліцыі “Варшава II” (Польша).

У тэлеграм-канале палітыка паведамляецца, што “пагрозы зафіксаваныя з трох крыніц: ад дзвюх фізічных асоб і яшчэ адна — праз электронную пошту”.

“На гэты момант у сувязі з пагрозамі на адрас Паўла Латушкі польскія пракуратуры расследуюць сем крымінальных спраў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Наведванне паліцыі Латушка анансаваў напярэдадні ў эфіры тэлеканала “Белсат”.

“Нядаўна нам — мне і нашай камандзе — прыйшлі пагрозы ад “Чорных русаў”, — заявіў ён. — Такая арганізацыя, якая звязаная, наколькі мы разумеем, з вагнэраўцамі, якія рабілі тэрарыстычны фактычна ўваход на тэрыторыю Латвіі не так даўно. Яны прыслалі пагрозу, што ведаюць, дзе мы жывем, дзе мы ходзім, і тое, чаго не могуць зрабіць улады, зробяць яны. Нават ведаюць, у каго ёсць ахова, у каго яе няма. Так што, маўляў, чакайце. Канешне, хочуць ажыццяўляць псіхалагічна ціск. Але гэта не мяняе нашай палітыкі. Мы працягваем рабіць тое, што павінны рабіць”.

6 кастрычніка міністр унутраных спраў Латвіі Яніс Домбрава заявіў пра “асабліва дэманстратыўную і агрэсіўную” правакацыю на мяжы з Беларуссю. Паводле яго слоў, узброеныя людзі ў масках спрабавалі пераправіць на латвійскую тэрыторыю каля 20 мігрантаў, перасеклі мяжу, пашкодзілі абсталяванне і выкралі камеры відэаназірання.

12 кастрычніка латвійскі партал LSM паведаміў, што адказнасць за гэты інцыдэнт узяла на сябе малавядомая групоўка “Чорныя русы”. Мясцовыя эксперты выказалі меркаванне, што за ёй могуць стаяць спецслужбы Беларусі і Расіі.

13 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з сілавікамі адрынуў абвінавачанні ў датычнасці Мінска да гэтага інцыдэнту, папракнуўшы Рыгу ў інсцэнаванні дзеля атрымання грошай ад ЕС.

Падзяліцца: