Мінск 12:29

ДТЗ у Полацку — аўтамабіль урэзаўся ў дрэва, кіроўца загінуў, пасажыр шпіталізаваны

Фота: ДАІ Віцебскай вобласці

29 лістапада, Позірк. Аб смяротным дарожна-транспартным здарэнні ў Полацку паведамляе Дзяржаўтаінспекцыя Віцебскай вобласці.

ДТЗ здарылася напярэдадні каля паўночы. Паводле даных ДАІ, у раёне дома 81 па вуліцы Баравая кіроўца 1992 года нараджэння, кіруючы аўтамабілем Volkswagen, “не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у правы па ходзе руху кювет, дзе здзейсніў наезд на апору лініі электраперадач, а пасля на прыдарожнае дрэва”. 

“У выніку аварыі кіроўца атрымаў цялесныя пашкоджанні ад якіх памёр на месцы здарэння, а пасажыр 1994 г.н. быў шпіталізаваны”, — гаворыцца ў паведамленні.

У 2025 годзе колькасць дарожна-транспартных здарэнняў у Беларусі знізілася на 5,5% (з 3.453 да 3.262), паказаў праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўмаваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: