Мінск 12:29

З жыхароў Фрунзенскага раёна Мінска створаны атрад тэрабароны

Фота: "Мінск-Навіны"

29 лістапада, Позірк. Атрад тэрытарыяльнай абароны створаны з жыхароў Фрунзенскага раёна сталіцы, паведамляецца ў тэлеграм-канале Мінгарвыканкама.

У атрад, як заяўлена, увайшлі асобы, якія “добраахвотна выказалі жаданне пры неабходнасці аказаць садзейнічанне ў гарантаванні бяспекі на тэрыторыі Мінска”.

“Добраахвотнікам урачыста ўручылі пасведчанні народнага апалчэнца”, — гаворыцца ў паведамленні. Цырымонія ўручэння пасведчанняў і шаўронаў прайшла ля будынка адміністрацыі Фрунзенскага раёна.

Адзначаецца, што падчас цырымоніі кіраўнік адміністрацыі Арцём Шэгідзевіч “падзякаваў прысутным за актыўную грамадзянскую пазіцыю і прынятае рашэнне аб уступленні ў шэрагі народнага апалчэння”. Чыноўнік “нагадаў пра ўскладзеныя на такія атрады задачы і даў наказ на далейшую плённую працу, падкрэсліўшы важнасць дысцыпліны і ўсвядомленага стаўлення да яе”.

На 29 лістапада запланаваныя тэарэтычныя заняткі для байцоў атрада. Таксама прадугледжаныя “навучальныя стрэльбы на палігоне, практычныя заняткі па адпрацоўцы патрулявання вуліц, ахове важных аб’ектаў”.

Пра “сістэмнае і паслядоўнае” развіццё тэрытарыяльнай абароны па некалькіх асноўных кірунках паведаміў міністр абароны Віктар Хрэнін 12 лістапада падчас наведвання Крычава (Магілёўская вобласць).

Паводле яго слоў, удасканальваецца падрыхтоўка штабоў тэраабароны і часцей тэрытарыяльных войскаў, а таксама кіраўнікоў і спецыялістаў выканкамаў, нарошчваюцца магчымасці сістэмы ўсебаковага забеспячэння войскаў усімі відамі матэрыяльных сродкаў, “у першую чаргу — сучаснымі сродкамі сувязі, індывідуальнай бронеабароны, назірання і супрацьдзеяння беспілотным лятучым апаратам”.

Адбываецца таксама “разгортванне тэхнічных элементаў сістэмы кіравання тэрытарыяльнай абаронай ужо ў мірны час” і “аптымізацыя складу і структуры войскаў з улікам сучасных тэндэнцый”.

“Таксама ў апошнія гады мы пачалі звяртаць асаблівую ўвагу на падрыхтоўку тэрыторыі і аб’ектаў да вядзення тэрытарыяльнай абароны”, — заявіў міністр.

Паведамлялася, што ў тыя дні ў горадзе праходзілі зборы з войскамі тэрытарыяльнай абароны Магілёўскай вобласці. На іх прызвана каля 200 вайсковаабавязаных, якія “выконваюць задачы па ахове аб’ектаў важнай інфраструктуры, вядуць барацьбу з дыверсійна-выведніцкімі групамі ўмоўнага праціўніка, а таксама выконваюць задачы па гарантаванні бяспекі ў рэгіёне сумесна з прадстаўнікамі МУС”.

Раней паведамлялася, што з 7 кастрычніка па 13 лістапада камісія Генштаба Узброеных сіл праводзіць праверку органаў кіравання тэрытарыяльнай абаронай Магілёўскай вобласці.

Асноўнай мэтай мерапрыемстваў была названая праверка працаздольнасці сістэм кіравання, “усебаковага забеспячэння і ўзаемадзеяння: наколькі службовыя асобы выканаўчых камітэтаў і афіцэры органаў кіравання здольныя выконваць задачы па разгортванні і вядзенні тэраабароны ў сучасных умовах і з улікам існых выклікаў”.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай вайскова-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. На гэтым фоне вучэнні сілавікоў, у тым ліку вайскоўцаў, кіроўны рэжым праводзіць практычна бесперапынна.

Падзяліцца: