Мінск 09:34

Затрыманы падазраваны ў рабаванні банка ў Магілёве — МУС

Ілюстрацыя: МУС

29 лістапада, Позірк. Пра затрыманне мужчыны, падазраванага ў рабаванні аддзялення банка ў Магілёве, паведаміла 29 лістапада Міністэрства ўнутраных спраў.

“На працягу некалькіх сутак у кругласутачным рэжыме супрацоўнікамі аператыўнага штаба праводзіліся аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па затрыманні зламысніка <…>. Дзякуючы карпатлівай працы міліцыянераў сумесна з экспертамі і следчымі па гарачых слядах ўстаноўлена асоба нападніка. Мужчына затрыманы, дае прызнальныя паказанні”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што міністр унутраных спраў Іван Кубракоў знаходзіцца ў Магілёве. Пад яго кіраўніцтвам “працягваецца праца па ўстанаўленні абставінаў здзейсненага злачынства”.

Згаданы аператыўны штаб быў створаны ў Магілёве 27 лістапада паводле ўказання Кубракова. У яго, як паведамлялася, увайшлі “самыя дасведчаныя супрацоўнікі розных падраздзяленняў крымінальнай міліцыі МУС, УУС і органаў унутраных спраў магілёўскага гарнізона”.

Рабаванне аддзялення “Беларусбанка” было здзейснена ўвечары 26 лістапада.

Невядомы мужчына, паводле інфармацыі МУС, “пагражаючы прадметам, падобным на пісталет, завалодаў грашовымі сродкамі на суму каля 8 тыс. рублёў і ўцёк”.

Магілёўскі міжраённы аддзел СК распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 207 КК (разбой, учынены з мэтай завалодання маёмасцю ў буйным памеры).

Падзяліцца: