Мінск 20:28

Лукашэнка выказаў спачуванні Эрдагану ў сувязі з выбухам на заводзе ў Турцыі

10 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні прэзідэнту Турцыі Рэджэпу Таіпу Эрдагану ў сувязі з гібеллю людзей у выніку выбуху на металургічным заводзе.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэгкі, у спачуванні гаворыцца, што ў Беларусі “з глыбокім смуткам” успрынялі паведамленне пра гібель людзей.

Ад імя суайчыннікаў і асабіста ад сябе Лукашэнка выказаў спачуванні родным і блізкім загінулых, пажадаў ім «душэўных сіл і стойкасці», пацярпелым — «хутчэйшага і поўнага выздараўлення».

Выбух здарыўся 9 лістапада на заводзе HABAS Demir Çelik AŞ у турэцкай правінцыі Ізмір, у раёне Аліага.

Паводле папярэдняй інфармацыі мясцовых СМІ, прычынай стала падзенне пад’ёмнага крана на прамысловую печ. Загінула ня менш за 16 чалавек, яшчэ 13 атрымалі раненні.

Раней, 8 лістапада, Лукашэнка выказаў спачуванні “народу Польшчы” (улады краіны ён лічыць нядружалюбнымі да сабе) у сувязі з тэрактам у Кракаве.

Пры гэтым ён маўчыць пасля атак расійскіх войск на мірнае насельніцтва Украіны, якія прыводзяць да шматлікіх ахвяр. Апошні прыклад — расійскі авіяўдар па Камышавасе Запарожскай вобласці 2 лістапада, калі загінула не менш за 55 чалавек, якія прыйшлі атрымаць гуманітарную дапамогу ў будынак школы.

Лукашэнка падтрымлівае Крэмль у агрэсіі супраць Украіны, пры гэтым імкнецца выставіць сябе міратворцам.

Падзяліцца: