Мінск 16:19

У Літве пасля спробы збіць дрон, які прыляцеў з Беларусі, выяўленыя абломкі ракеты НАТО

11 лістапада, Позірк. Пра выяўленне абломкаў ракеты, меркавана выпушчанай знішчальнікам НАТО пры спробе збіць беспілотнік, паведаміў прэм’ер-міністр Літвы Міндаўгас Сінкявічус, паведамляе LRT.

Паводле слоў кіраўніка ўрада, у ноч на 11 лістапада ў рэгіёне было зафіксавана чатыры беспілотнікі і дзясяткі радыёлакацыйных адзнак паветраных шароў. Адзін з дронаў перасёк тэрыторыю Літвы.

“Была здзейсненая спроба нейтралізаваць мэту. Паблізу Біржая (горад на поўначы Літвы, недалёка ад мяжы з Латвіяй. — “Позірк“.), паводле папярэдніх звестак, выяўленыя абломкі ракеты, выпушчанай знішчальнікам НАТО“, — напісаў Сінкявічус у “Фэйсбуку“.

Прэм’ер заклікаў жыхароў не набліжацца да падазроных прадметаў і паведаміў, што абставіны начных здарэнняў будуць падрабязна расследаваныя.

Раней кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вілмантас Віткаўскас паведаміў, што ў першым зафіксаваным мінулай ноччу эпізодзе вайскоўцы назіралі тры беспілотнікі на тэрыторыі Беларусі, якія не перасеклі мяжу Літвы. Адзін з іх заляцеў у Латвію і пасля накіраваўся на поўнач Расіі.

У другім выпадку, паводле папярэдніх звестак, беспілотнік увайшоў у паветраную прастору Літвы з боку Беларусі ў раёне Друскінінкая. Як мяркуецца, ён ненадоўга апынуўся ў паветранай прасторы Польшчы, пасля чаго вярнуўся ў Літву, праляцеў праз Марыямпале, Каўнаскі і Панявежскі рэгіёны і пакінуў краіну ў раёне Пасваліса.

Паводле слоў Віткаўскаса, знішчальнікі НАТО выявілі гэтую паветраную мэту і знаходзіліся досыць блізка да яе, аднак збіць яе не ўдалося. Ён выказаў здагадку, што прычынай сталі неспрыяльныя ўмовы надвор’я або немагчымасць бяспечна знішчыць беспілотнік над пэўнай тэрыторыяй.

Раней 11 лістапада “Позірк“ паведамляў пра абвяшчэнне паветранай трывогі ў Літве і Латвіі ў сувязі з выяўленнем беспілотнікаў. Праз пагрозу паветраных шароў прыпынялася праца аэрапортаў Вільнюса і Каўнаса.

Падзяліцца: