Мінск 01:51

У віншаванні з нацыянальным святам Польшчы Лукашэнка паскардзіўся на санкцыі і агароджу на мяжы

11 лістапада, Позірк. Аб “значным ускладненні” адносін паміж Мінскам і Варшавай гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі польскаму народу з Днём незалежнасці.

Віншавальнік, якога цытуе яго прэс-служба, назваў сітуацыю “выпрабаваннем на трываласць”.

Паводле яго слоў, праз “абмены забаронамі і санкцыямі”, а таксама “агароджы і сцены (на мяжы. — “Позірк”.) пераадолець гэтыя акалічнасці немагчыма.

“У нас розныя пазіцыі па шэрагу праблем — так было і будзе, — лічыць Лукашэнка. — Пытанне ў тым, ці зможам ставіцца да гэтай сітуацыі з разуменнем і нацэленасцю на дыялог, без канфрантацыі і абвінавачанняў”.

“Мы цвёрда ўпэўнены, на крыўдзе суседа свайго шчасця не пабудаваць”, — дадаў ён.

Лукашэнка выказаўся за “аднаўленне сапраўдных павагі і даверу” з Польшчай “дзеля <…> агульнай карысці і будучыні нашчадкаў”.

У леташнім аналагічным пасланні ён адзначаў, што палякі “бачаць і добра разумеюць значнасць міжчалавечых кантактаў і супрацоўніцтва з Беларуссю, прыязнасці і даверу, захавання агульнай хрысціянскай і культурнай спадчыны”.

Віншавальнік падкрэсліваў, што “не варта <…> замыкаць межы і ставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку”.

Асобнае віншаванне распаўсюдзіла генконсульства Беларусі ў Беластоку ў сацсетках. Па-польску яно зычыць жыхарам між іншым міра і бяспекі.

У віншаванні Польшчы ад дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай сёлета гаворыцца, што палякаў і беларусаў “звязваюць стагоддзі агульнай гісторыі”: “Я ганаруся сяброўствам, якое пабудавалі нашы народы”.

Палітык у сацсетцы X падзякавала Варшаве за салідарнасць з беларусамі ў барацьбе за свабоду: “Сёння мы ўшаноўваем адноўленую дзяржаўнасць Польшчы. Аднойчы мы разам адсвяткуем дзень свабоднай Беларусі”.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка на запрашэнне прэзідэнта Польшча Караля Наўроцкага традыцыйна прыме ўдзел у афіцыйных мерапрыемствах 11 лістапада, паведамляе прэс-служба беларускага палітыка. Гаворка пра ўрачыстую змену ганаровай варты на пл. Пілсудскага ў Варшаве разам з кіраўніцтвам Польшчы, замежнымі амбасадарамі і прадстаўнікамі грамадскасці.

Акрамя таго, Латушка прыме ўдзел у афіцыйным прыёме ў прэзідэнцкім палацы ў сталіцы.

Аб гатоўнасці Мінска да кантактаў з Захадам “па стабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне”, заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфавіч 9 лістапада ў Маскве ў кулуарах 14-й сустрэчы сакратароў саўбезаў дзяржаў — удзельніц СНД.

Паводле яго, “лёгкая спроба да дыялогу” была з боку Польшчы на ​​пляцоўцы ААН: “Але далей пакуль руху ніякага мы не бачым, хаця Беларусь гатова”.

Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў у інтэрв’ю расійскаму агенцтву “РІА Навіны” у кастрычніку заяўляў аб “абуджэнні з боку ключавых краін ЕС” цікавасці да Беларусі.

Пры гэтым сустрэчу з кіраўніком МЗС Польшчы Радаславам Сікорскім чыноўнік назваў “вызначальнай”.

Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў сустрэліся 22 верасня ў Нью-Йорку. Гэта быў першы афіцыйны кантакт Варшавы і Менска на такім узроўні за больш за пяць гадоў.

Польскі міністр назваў сустрэчу азнаямленчай і параўнаў перспектывы нармалізацыі двухбаковых адносін з “падснежнікам, які можа заквітнець пры спрыяльных умовах”.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, кантакт быў запытаны Мінскам.

Загарода на польска-беларускай мяжы ўзведзена ў адказ на міграцыйны крызіс, які працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Польшча аднавіла незалежнасць 11 лістапада 1918 года.

*Стыль пасланняў народам, а не ўладам “недружалюбных” краін Мінск пераняў у Масквы ў 2022 годзе. Недружалюбнымі беларускі і расейскі рэжымы лічаць дзяржавы, не згодныя з іх палітыкай.

Падзяліцца: