Мінск 02:12

За дзесяць дзён па віне нецвярозых кіроўцаў і бяспраўнікаў адбылося 12 ДТЗ, ДАІ пераведзена на ўзмоцнены рэжым

11 лістапада, Позірк. За мінулыя дзесяць дзён па віне нецвярозых кіроўцаў і бяспраўнікаў у Беларусі адбылося 12 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх дзевяць чалавек загінулі і 15 атрымалі раненні, паведамляе ДАІ.

Па ўказанні кіраўніка МУС Івана Кубракова для “стабілізацыі дарожнай абстаноўкі” Дзяржаўтаінспекцыя з 12 па 22 лістапада пераведзена на ўзмоцнены варыянт нясення службы.

Супрацоўнікі “нацэлены на своечасовае спыненне фактаў нецвярозага і бяспраўнага ваджэння, у тым ліку з удзелам непаўналетніх”.

Як паведамлялася, 31 кастрычніка ў Лельчыцкім раёне (Гомельская вобласць) 17-гадовы кіроўца аўтамабіля Audi не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет і ўрэзаўся ў дрэва. Двое 17-гадовых і адзін 16-гадовы пасажыр загінулі. Кіроўца і яшчэ адзін пасажыр (15 гадоў) былі шпіталізаваны.

7 лістапада прэс-служба МУС паведамляла аб затрыманні нецвярозага кіроўцы, які вёз пасажыраў у аграгарадку Барздоўка (Аршанскі раён Віцебскай вобласці).

9 лістапада УУС Брэсцкага аблвыканкама паведаміла аб гібелі 30-гадовага пасажыра легкавога аўтамабіля Audi у ДТЗ у Бярозаўскім раёне па віне кіроўцы-бяспраўніка.

Падзяліцца: