Прэс-сакратар Пуціна заявіў аб пазбаўленні Арменіі права голасу ў АДКБ
12 лістапада, Позірк. Аб пазбаўленні Арменіі права голасу ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў расійскім дзяржСМІ 11 лістапада.
Паводле яго, “тэма закраналася (на пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ у Маскве ў гэты дзень. — “Позірк”.), было прынята рашэнне”.
“У сувязі з тым, што Арменія не выконвала свае абавязацельствы ўжо некалькі гадоў, кіруючыся статутам арганізацыі, было прапанавана і вырашана пазбавіць Арменію права голасу, а таксама права прызначаць сваіх прадстаўнікоў на адказныя пасады ў АДКБ”, — сказаў Пяскоў.
Паводле інфармацыі ТАСС, таксама “на саміце АДКБ Арменію пазбавілі права вылучаць кандыдатаў на пасады з-за даўгоў, вынікае з рашэння”.
Афіцыйна аб рашэнні на дадзены момант не паведамляецца.
Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў 10 лістапада па выніках сумеснага пасяджэння Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі АДКБ заявіў, што Арменія не падавала афіцыйнай заяўкі на выхад з Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і АДКБ. Паводле яго слоў, краіна захавае права на забеспячэнне калектыўнай бяспекі ў рамках арганізацыі нават у выпадку рашэння аб пазбаўленні Ерэвана права голасу ў структуры з-за запазычанасці па ўзносах. Міністр таксама дадаў, што дзверы ў АДКБ для Ерэвана “не зачыняюцца”.
Падчас апошняга карабахскага ваеннага канфлікту (першая фаза — восень 2020 года, другая — восень 2023-га) улады Беларусі фактычна падтрымалі Азербайджан, а не Арменію — сваю саюзніцу па шэрагу інтэграцыйных утварэнняў, у тым ліку па Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.
У выніку канфлікту непрызнаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка спыніла існаванне, а кантраляваныя ёю тэрыторыі перайшлі пад кантроль Баку.
Ерэван, які стаяў ля вытокаў стварэння АДКБ, папракнуў ваенна-палітычны блок у бяздзейнасці ў гэтай сітуацыі. Больш за тое, паводле сцвярджэння прэм’ер-міністра Нікола Пашыняна, некалькі краін АДКБ фактычна дапамагалі Баку. Не назваўшы гэтыя дзяржавы наўпрост, армянскі прэм’ер недвухсэнсоўна намякнуў, што адна з іх — Беларусь.
Арменія стала байкатаваць усе мерапрыемствы па лініі АДКБ, фактычна замарозіўшы свой удзел у ёй. 2 чэрвеня 2024 года Пашынян, выступаючы перад парламентам, заявіў аб магчымым выхадзе краіны з блока.
13 чэрвеня палітык сказаў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Менску знаходзіцца Лукашэнка. Кіраўнік армянскага ўрада заявіў гэта ў кантэксце выказванняў Лукашэнкі аб карабахскім канфлікце на сустрэчы з Аліевым у сярэдзіне траўня таго ж года.
На фоне гэтага Арменія стала развіваць адносіны з Еўрасаюзам. Масква прад’яўляе Ерэвану прэтэнзіі за намер збліжацца з ЕС, Лукашэнка таксама неаднаразова крытыкаваў Ерэван за еўраімкненні.
28 кастрычніка паведамлялася, што міністр замежных спраў і міжнароднага гандлю Арменіі Арарат Мірзаян заявіў аб нязменнасці пазіцыі Ерэвана ў пытанні АДКБ.
“Мы замарозілі наша членства, і калі іншыя члены гэтай структуры або генеральны сакратарыят робяць каментарыі, гэта бескарысна, мы не зменім сваю пазіцыю і не бачым свайго вяртання ў АДКБ”, — падкрэсліў міністр.
Членамі АДКБ (створана ў 1992 годзе) цяпер з’яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаВысланы з Грузіі беларускі палітуцякач Леў Міхееў атрымаў у Арменіі часовае пасведчанне асобыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- ГрамадстваКолькасць скаргаў у Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных вырасла за год у 2,2 раза (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства


