Мінск 17:21

“Расатам” заявіў аб блізкасці канчатковых дамоўленасцяў па трэцім энергаблоку БелАЭС

Беларуская АЭС
Фота: minenergo.gov.by

11 лістапада, Позірк. Беларусь і Расія блізкія да канчатковага ўзгаднення праекта будаўніцтва трэцяга энергаблока Беларускай АЭС. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар расійскай дзяржкарпарацыі “Расатам” Аляксей Ліхачоў па выніках сустрэчы з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным 11 лістапада ў Мінску.

Як паведамляе галіновае выданне “Страна Росатом“, бакі абмеркавалі тэхнічныя характарыстыкі будучага энергаблока, фінансава-эканамічную і арганізацыйную мадэлі праекта.

“Напэўна, яшчэ не прыйшоў час, каб рабіць аб’явы аб фінальных выніках, але мы да іх вельмі блізкія“, — заявіў Ліхачоў.

Паводле яго слоў, перамовы аб пашырэнні супрацоўніцтва ў атамнай энергетыцы вядуцца ўжо досыць даўно.

Адзначаецца, што на сустрэчы абмяркоўваліся і іншыя сумесныя праекты. У прыватнасці, бакі дамовіліся аб пастаўках назапашвальнікаў электраэнергіі для беларускіх вялікагрузных аўтамабіляў. Да супрацоўніцтва ў гэтай сферы плануецца прыцягнуць расійскія кампаніі, у тым ліку “Нарнікель“.

Акрамя таго, разглядаецца стварэнне ў Беларусі Цэнтра ядзернай медыцыны. Па словах Ліхачова, гаворка ідзе не толькі аб пастаўках радыёізатопаў і радыёфармпрэпаратаў, але і аб фармаванні медыцынскага кластара для дыягностыкі і лячэння анкалагічных, кардыялагічных і неўралагічных захворванняў.

Кіраўнік “Расатама” таксама паведаміў, што заказчыкам ужо пастаўленыя дзясяткі расійска-беларускіх прамысловых 3D-прынтараў.

Як паведамляў “Позірк”, 19 кастрычніка міністр энергетыкі Дзяніс Мароз заявіў аб планах падпісаць рамачнае пагадненне з Расіяй аб будаўніцтве трэцяга энэргаблока БелАЭС да канца 2026 года. На той момант бакам трэба было ўзгадніць эканамічную і фінансавую мадэлі праекта.
У канцы мінулага года Мароз заявіў, што падключэнне новага энергаблока да энергасістэмы разглядаецца на перыяд 2035-2038 гадоў. Яго меркаваная магутнасць складае 1.200 Мвт.

Збудаванне Беларускай АЭС паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася восенню 2023 года. Станцыя пабудаваная паводле расійскага праекта, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”. Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Пры гэтым улады не адмаўляюцца ад ідэі ўзвесці другую атамную станцыю — ва ўсходняй частцы краіны. Падчас Расійскага энергетычнага тыдня ў сярэдзіне кастрычніка віцэ-прэм’ер, былы міністр энэргетыкі Віктар Каранкевіч заявіў, што ў выпадку прыняцця адпаведнай пастановы станцыя будзе будавацца ў 2045-2050 гадах.

Падзяліцца: