Мінск 12:57

МУС Латвіі прапануе падоўжыць рэжым узмоцненай аховы мяжы з Беларуссю да чэрвеня 2027 года

Ілюстрацыйнае фота: сайт урада Латвіі

12 лістапада, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі падрыхтавала для ўрада дакумент, у якім прапануецца падоўжыць рэжым узмоцненай аховы мяжы з Беларуссю да чэрвеня 2027 года — “на фоне міграцыйнага ціску, які дагэтуль захоўваецца, пашкоджанняў мяжы і гібрыдных пагроз”, паведамляе BNN.

Раней уведзены рэжым узмоцненай аховы мяжы дзейнічае да канца гэтага года. Ён распаўсюджваецца на Лудзу і воласці Лудзенскага краю, Краславу і воласці Краслаўскага краю, Аўгшдаўгаўскі край, Даўгаўпілс і Каўнацкую воласць у Рэзэкненскім краі.

МУС балтыйскай дзяржавы падкрэслівае, што ціск з боку нелегальнай міграцыі ўздоўж латвійска-беларускай мяжы застаецца высокім, а метады выкарыстання міграцыі змяняюцца — “для падрыву цэласнасці дзяржаўнай мяжы прымяняюцца ўсё больш новыя тактыкі”.

Працягваюць фіксавацца выпадкі наўмыснага пашкоджання інфраструктуры, выяўленыя факты выкарыстання тунэляў, назіраліся агрэсіўныя паводзіны ў дачыненні да службовых асоб, якія ахоўваюць мяжу.

Аналізуючы гэтыя абставіны, ведамства выказала здагадку, што “наўмысныя правакацыі і гібрыдныя пагрозы ўздоўж мяжы, верагодна, працягнуцца”. Падкрэсліваецца, што “нелегальная міграцыя выкарыстоўваецца як інструмент для ўсчынення ціску на Латвію і адначасова на знешнія межы Еўрапейскага саюза і НАТО”.

МУС Латвіі таксама звярнула ўвагу на “важнасць уліку больш шырокай сітуацыі ў галіне рэгіянальнай бяспекі, уключаючы пагрозы магчымых правакацый і дыверсій уздоўж польска-расійскай мяжы, пра якія публічна паведамляецца і якія падштурхнулі Польшчу да ўвядзення дадатковых захадаў бяспекі”.

Кабінет міністраў Латвіі 30 чэрвеня падоўжыў дзеянне рэжыму ўзмоцненай аховы дзяржаўнай мяжы з Беларуссю да 31 снежня 2026 года.

Паводле даных Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі, ад пачатку 2026 года памежная ахова распачала 179 крымінальных спраў супраць 121 чалавека за незаконнае перамяшчэнне людзей і садзейнічанне іх нелегальнаму знаходжанню ў Латвіі. З агульнай колькасці спраў 82 былі вылучаныя з раней распачатых вытворчасцяў.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Ад пачатку 2026 года, згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам штодзённых звестак памежных службаў суседніх краін ЕС, Латвія прадухіліла амаль 12,9 тыс. спробаў нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі.

Падзяліцца: