Мінск 10:04

Памежнікі Літвы перахапілі тры партыі беларускіх цыгарэт, дастаўленых паветранымі шарамі

Фота і калаж: САДМ Літвы

12 лістапада, Позірк. Тры партыі кантрабандных цыгарэт, дастаўленых з Беларусі з дапамогай паветраных шароў, перахапілі 10 лістапада літоўскія памежнікі, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы.

Грузы былі выяўленыя ў Шальчынінкскім, Лаздзійскім і Алітускім раёнах. Да ўсіх былі прымацаваныя GPS-трэкеры, якія дазваляюць адсочваць іх месцазнаходжанне.

Агулам вынята 12.047 пачкаў цыгарэт NZ Gold і Minsk 5 Superslims з беларускімі акцызнымі маркамі. Іх кошт з улікам абавязковых у Літве падаткаў перавышае 66 тыс. еўра.

Акрамя таго, паводле інфармацыі ведамства, затрыманы 28-гадовы жыхар Тракайскага раёна, які, як мяркуецца, прыехаў забраць адзін з грузаў (не ўдакладняецца, які з трох; найбліжэй да месца яго жыхарства знаходзіцца Шальчынінкскі раён). У дачыненні да затрыманага ў Варэнскім памежным атрадзе распачатае дасудовае расследаванне па факце незаконнага абыходжання з падакцызнымі таварамі. Матэрыялы паводле іншых выпадкаў далучаныя да расследаванняў, якія ўжо вядуцца.

Паводле даных САДМ, ад пачатку 2026 года літоўскія памежнікі перахапілі 193 партыі цыгарэт, дастаўленых з Беларусі паветранымі шарамі. За ўвесь 2025 год — 635, 2024-ы — 226, 2023-і — тры, у 2022-м не было зафіксавана ніводнага выпадку.

Ад пачатку гэтага года затрыманы 71 чалавек, як мяркуецца, звязаны з кантрабандай цыгарэт з дапамогай паветраных шароў. Яшчэ 31 затрыманы на падставе падазрэння ў датычнасці да дастаўкі нелегальных цыгарэт з дапамогай беспілотнікаў.

Агулам ў 2026 годзе літоўскія памежнікі перахапілі 70 дронаў з кантрабандай з Беларусі. У 2025 годзе было 59 такіх выпадкаў, у 2024-м — 54.

САДМ адзначае, што паветраныя шары часта выкарыстоўваюцца для перавозкі цыгарэт з Беларусі ў Польшчу — сёлета там было перахоплена 217 партый такой кантрабанды.

29 кастрычніка ў Літве затрымалі двух мужчын, якія, як мяркуецца, прыехалі па дастаўленыя з Беларусі па паветры цыгарэты. У грузе было 3 тыс. пачак NZ Gold.

9 кастрычніка паведамлялася, што ў Літве за адну ноч памежнікі выявілі 55 тыс. пачак беларускіх цыгарэт.

Падзяліцца: