Мінск 15:42

На падставе рашэння суда ў грамадзянкі Беларусі канфіскаваныя старадаўнія іконы, якія яна спрабавала незаўважна прывезці на радзіму

Архіўнае фота: прэс-служба ДМК

12 лістапада, Позірк. На падставе судовага рашэння ў грамадзянкі Беларусі канфіскаваныя старадаўнія іконы, якія яна спрабавала незаконна ўвезці ў краіну праз пункт пропуску Брэст (з польскага боку — Цярэспаль), паведамляе Брэсцкі абласны суд.

Паводле інфармацыі дзяржаўных СМІ, суд Маскоўскага раёна Брэста ўгледзеў у дзеяннях жанчыны правапарушэнне, прадугледжанае ч. 2 арт. 15.1 КаАП (перамяшчэнне тавараў, якія трапляюць пад мытнае дэклараванне, праз мытную мяжу ЕАЭС з утойваннем ад мытнага кантролю), і аштрафаваў яе на 20 базавых велічынь (900 рублёў).

2 кастрычніка Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК) паведаміў пра спыненне незаконнага перамяшчэння праз мяжу трох старадаўніх ікон, прызнаных культурнымі каштоўнасцямі.

Іконы перавозіла грамадзянка Беларусі, якая стала пражывае ў Германіі. ДМК адзначаў, што для перасячэння мяжы яна выбрала чырвоны калідор, каб “аформіць часовы ўвоз транспартнага сродку”. Пры гэтым заявіла, што тавараў, якія трапляюць пад мытнае дэклараванне, яна не мае.

Іконы мытнікі выявілі падчас агляду салона аўтамабіля. Яны былі схаваныя пад чахламі ў кішэнях сядзенняў.

Удакладнялася, што гаворка пра іконы “Багародзіца Ахтырская”, “Багародзіца Элеуса Таўжская” і “Багародзіца Усіх Смуткуючых Радасць”.

Экспертыза пацвердзіла, што іконы вырабленыя на тэрыторыі Расійскай імперыі. Адна датуецца XVII–XVIII стагоддзямі, дзве іншыя — XIX — пачаткам XX стагоддзя.

Агульны ацэначны кошт прадметаў склаў больш за 6 тыс. рублёў.

Іконы былі вынятыя да рашэння суда.

Падзяліцца: