Мінск 15:29

У Мінску 68-гадовы мужчына пагражаў цырульніцы запальнічкай у выглядзе гранаты — распачатая крымінальная справа

Відэа: ГУУС МІнгарвыканкама / стоп-кадр: "Позірк"

12 лістапада, Позірк. Пра распачатую ў дачыненні да 68-гадовага мужчыны крымінальную справу паведаміла 12 лістапада ГУУС Мінгарвыканкама.

Адзначаецца, што ў РУУС Ленінскага раёна сталіцы паступіў сігнал з цырульні пра тое, што кліент пагражае работніцы “прадметам, падобным да гранаты”.

Паводле інфармацыі міліцыі, напярэдадні мужчына прыходзіў у салон і правакаваў работнікаў і наведнікаў на канфлікт. Не дамогшыся рэакцыі, ён сышоў, але дачакаўся, пакуль цырульніца выйдзе на вуліцу, і прыгразіў ёй падазроным прадметам. Пасля гэтага мужчына ўцёк.

Супрацоўнікі міліцыі высветлілі асобу мужчыны і затрымалі яго. Ім выявіўся 68-гадовы падсобны рабочы. Як высветлілася, каб запалохаць жанчыну, ён выкарыстаў запальнічку ў выглядзе гранаты.

Свой учынак мужчына патлумачыў “жаданнем прыцягнуць да сябе ўвагу”, аднак, паводле яго слоў, “навакольныя не рэагавалі”.

Сталічная міліцыя не ўдакладніла, паводле якога менавіта артыкула распачатая крымінальная справа.

11 лістапада “Позірк” паведамляў, што ў Гродне будуць судзіць 55-гадовага мужчыну, які пагражаў 13-гадоваму падлетку пнеўматычным пісталетам. Паводле звестак следства, мужчына паспрабаваў загаварыць са школьнікам на прыпынку грамадскага транспарту, а пасля адмовы дастаў зброю і накіраваў яе на дзіця.

Падзяліцца: