Мінск 21:41

Камандуючым Заходнім аператыўным камандаваннем прызначаны былы кіраўнік Сіл спецыяльных аперацый

22 кастрычніка, Позірк. Новыя кадравыя прызначэнні зрабіў Аляксандр Лукашэнка ва Узброеных сілах Беларусі. Змены закранулі кіраўніцтва Сіл спецыяльных аперацый (ССА), а таксама Заходняга і Паўночна-Заходняга аператыўных камандаванняў.

Палкоўнік Уладзімір Сафонаў прызначаны камандуючым ССА. Да гэтага ён займаў пасаду начальніка штаба — першага намесніка камандуючага гэтымі сіламі. На яго месца прызначаны палкоўнік Дзмітрый Варашылаў. Раней ён камандаваў 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадай. 

Палкоўнік Аляксандр Ільюкевіч, які дагэтуль камандаваў ССА, будзе камандуючым войскамі Заходняга аператыўнага камандавання.

Да прызначэння камандуючым ССА ў студзені 2026 года ён быў першым намеснікам камандуючага гэтымі сіламі, а раней узначальваў 38-ю Брэсцкую асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую брыгаду.

Начальнікам штаба — першым намеснікам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання прызначаны генерал-маёр Андрэй Краўчанка. Ён вызвалены ад пасады начальніка ўпраўлення тэрытарыяльнай абароны — намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл.

Да прызначэння начальнікам упраўлення тэрытарыяльнай абароны ў чэрвені 2024 года быў першым намеснікам начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба.

Аляксандр Лаўрэнаў прызначаны камандуючым войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання. Да гэтага ён займаў пасаду начальніка штаба — першага намесніка камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання. У чэрвені 2025 года Лаўрэнаў атрымаў званне генерал-маёра.

Папярэднія кадравыя перастаноўкі ў кіраўніцтве Узброеных сіл адбыліся ў сярэдзіне кастрычніка.

28 верасня начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка быў прызначаны намеснікам кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

22 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся з міністрам абароны РФ Андрэем Белавусавым, якому заявіў, што беларускае войска выконвае абавязацельствы перад расійскім.

Падзяліцца: