Мінск 16:33

Грэка-каталіцкая парафія ў Оршы ліквідуецца рашэннем віцебскага суду

Фота: katolik.life

23 кастрычніка, Позірк. Аб ліквідацыі грэка-каталіцкай парафіі Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Оршы (Віцебская вобласць) паведамляе партал katolik.life са спасылкай на Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб.

У АДР пазначана, што рэлігійная арганізацыя знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі з 1 ліпеня. Рашэнне аб ліквідацыі прыняў Віцебскі абласны суд.

Грэка-католікі ў Оршы не мелі свайго храма і збіраліся ў мясцовым рымска-каталіцкім касцёле.

Адзначаецца, што пасля запушчанага ўладамі працэсу перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый у Беларусі засталося 12 грэка-каталіцкіх парафій. 4 абшчыны дзейнічаюць у Мінску, 2 — у Віцебску, па адной — у Гродне, Магілёве, Гомелі, Маладзечне (Мінская вобласць), Полацку (Віцебская вобласць) і Лідзе (Гродзенская вобласць).

Перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый у Беларусі праходзіла з 6 ліпеня 2024 года па 5 ліпеня 2025-га. Па стане на кастрычнік 2025 года дзяржаўную перарэгістрацыю ў Беларусі прайшло 3.426 рэлігійных арганізацый, у выніку іх колькасць зменшылася на 4,6% (да перарэгістрацыі было 3.592), паведамляла ініцыятыва “Хрысціянская візія”.

Спасылаючыся на афіцыйны даклад уладаў Беларусі для Універсальнага перыядычнага агляду ў Камітэце правоў чалавека ААН, ініцыятыва адзначала, што колькасць канфесій і рэлігійных плыняў у краіне не змянілася — 25, колькасць суполак зменшылася да 3.257 (3.419; -4,7%), арганізацый агульнаканфесійнага значэння — да 169 (173; -2,3%).

“Найбольш моцна” перарэгістрацыя ўдарыла па Беларускай грэка-каталіцкай царкве, якая “сутыкнулася з беспрэцэдэнтным палітычным ціскам і на дадзены момант не змагла перарэгістраваць дастатковую колькасць прыходаў для стварэння рэлігійнага аб’яднання”, гаварылася ў паведамленні.

Такім чынам, як адзначалася, беларускія грэка-католікі страчваюць магчымасць “рэалізацыі цэлага шэрагу аспектаў свабоды рэлігіі, якія ў сучаснай Беларусі замацаваныя толькі за рэлігійнымі аб’яднаннямі”.

З 2020 года да канца верасня 2026-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 2.078 НКА — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, вынікае з новага агляду праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

Падзяліцца: