Мінск 11:22

У Польшчы канфіскавана 21 тыс. пачкаў цыгарэт, перапраўленых на метэазондах

23 кастрычніка, Позірк. Аб выяўленні ў Люблінскім і Седлецкім паветах Польшчы агулам 21 тыс. пачкаў цыгарэт без польскіх акцызных марак, перапраўленых метэазондамі, паведаміла 22 кастрычніка Надбужанскае падраздзяленне Памежнай аховы Польшчы.

Кошт канфіскаванай кантрабанды ацэнены больш чым у 433 тыс. злотых (111,3 тыс. долараў ЗША).

15 кастрычніка супрацоўнікі памежнага паста ў Любліне і павятовага ўпраўлення паліцыі ў Любартуве выявілі восем скруткаў з цыгарэтамі, абгорнутых чорнай стрэйч-плёнкай. Побач знаходзіліся рэшткі метэаралагічных балонаў. Агулам канфіскавана 12 тыс. пачкаў цыгарэт коштам больш за 247 тыс. злотых (63,5 тыс. долараў).

16 кастрычніка ў Люблінскім павеце супрацоўнікі паліцыі і памежнай службы выявілі два скруткі, прымацаваныя да напоўненых газам метэаралагічных шароў. У іх знаходзілася 3 тыс. пачкаў цыгарэт коштам амаль 62 тыс. злотых (16 тыс. долараў). На месца выклікалі пажарных, якія выключылі радыелагічную небяспеку.

У той жа дзень у Седлецкім павеце супрацоўнікі памежнага паста ў Бяла-Падляску сумесна з паліцэйскімі з Седльцэ выявілі яшчэ 6 тыс. пачкаў цыгарэт коштам больш за 123 тыс. злотых (31,6 тыс. долараў). Яны таксама былі перапраўленыя з дапамогай метэаралагічных шароў.

Па ўсіх выяўленых выпадках распачата расследавання. Працягваюцца дзеянні па ўстанаўленні абставінаў кантрабанды.

21 кастрычніка прэс-служба Падляскага аддзела Памежнай аховы Польшчы паведаміла пра затрыманне “ў апошнія дні“ пяці чалавек, сярод якіх адзін беларускі грамадзянін, якія падазраюцца ў кантрабандзе цыгарэт з Беларусі ў Польшчу з дапамогай метэазондаў.

Падзяліцца: