Мінск 19:05

У адказ на планы ЕС скараціць місію ў Мінску неафіцыйны канал МЗС назваў еўрапейскіх дыпламатаў статыстамі

Ілюстрацыйнае фота: МЗС Беларусі

22 траўня, Позірк. Еўрапейскія дыпламаты “даўно ператварыліся ў статыстаў, якія не столькі развіваюць стасункі, колькі іх сабатуюць”, такім чынам неафіцыйны тэлеграм-канал Міністэрства замежных спраў Беларусі адрэагаваў на планы Еўрасаюза скараціць сваё прадстаўніцтва ў Мінску.

“Калі Брусель гадамі ўводзіць санкцыі, не хоча дыялогу і заняты толькі ментарскім павучаннем — які сэнс у натоўпе дыпламатаў? Толькі шкодзіць, шчыра кажучы!” — гаворыцца ў паведамленні.

Сцвярджаецца, што “нават у калідорах ЕС наспела разуменне: хаджэнне па бясконцых прыёмах і дэкларацыі пра “каштоўнасці” — гэта шырма, за якой хаваецца банальная бескарыснасць”.

“Грошы марнуюцца, а воз і цяпер там. Вось і скарачаюць “місію”, — адзначае неафіцыйны тэлеграм-канал МЗС. Пры гэтым заяўляецца, што добрасуседства — гэта “не пра лозунгі на паперы, а пра эфектыўнасць і павагу; а пакуль атрымліваецца, менш — лепш!”

Пра тое, што дыпламатычная служба ЕС мае намер скараціць каля 10 замежных дэлегацый і прыкладна 100 мясцовых супрацоўнікаў на фоне “бюджэтных скарачэнняў і больш маштабных перастановак”, стала вядома 20 траўня з публікацыі выдання POLITICO, якое спасылалася на дакумент, перададзены чыноўнікамі ЕС. З яго вынікала, што вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Каллас прадставіла план змянення Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД) вышэйшым службовым асобам Еўракамісіі ў мінулую сераду і “атрымала зялёнае святло на правядзенне рэарганізацыі, якая будзе ажыццяўляцца на працягу наступных двух гадоў”.

Паведамлялася, што пад скарачэнне трапілі дэлегацыі тых краін, у якія “ЕС больш не зацікаўлены <…> накіроўваць значную колькасць дыпламатаў і супрацоўнікаў, напрыклад, Беларусі або Лесота”. Прыярытэты ЕС “зрушваюцца ад дапамогі ў мэтах развіцця да рэалізацыі стратэгічных інтарэсаў, такіх як захаванне санкцый або абароннае партнёрства, і рэсурсы перанакіроўваюцца ў адпаведнасці з гэтым”, адзначылі крыніцы POLITICO.

Хоць ЕСЗД не плануе афіцыйна закрываць аніводнае з 144 замежных прадстаўніцтваў, каля дзесяці “будуць скарочаныя да асноўнага персаналу, такога як амбасадар і адзін ці два памочнікі, а мясцовыя супрацоўнікі будуць паступова скарачацца”. Каля 100 мясцовых супрацоўнікаў, хутчэй за ўсё, будуць скарочаныя ў два этапы — у 2026 і 2027 гадах.

Увосень 2024 года “Позірк” атрымаў інфармацыю, што прадстаўніцтва ЕС скарачае ў мінскім офісе адзін з аддзелаў.

Афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стано ў каментарыі “Позірку” пацвердзіў 1 кастрычніка гэтую інфармацыю, адзначыўшы, што частка супрацоўнікаў прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску пераведзена ў Брусель.

Паводле яго слоў, прынятая мера абумоўленая сённяшняй сітуацыяй у Беларусі і ўзроўнем двухбаковых стасункаў Мінска і ЕС.

24 красавіка 2024 года перад офісам прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску КДБ затрымаў супрацоўніка гэтай місіі, прапаведніка царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў “Дабравесце” Мікалая Хіло. 41-гадовы Хіло асуджаны на 4 гады зняволення паводле арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) і арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варожасці). Прызнаны палітвязнем.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі 7 красавіка ўнёс Хіло ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”, 21 сакавіка МУС унёс яго ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Абвешчаным “тэрарыстамі” зняволеным забаронена атрымліваць грашовыя пераводы.

Падзяліцца: