Мінск 18:30

Літве перададзены яе грамадзянін, які пратараніў на аўтамабілі загароду на мяжы з Беларуссю

23 траўня, Позірк. Літве перададзены яе грамадзянін, “кіроўца Bolt”, які ў ноч на 4 траўня пратараніў на аўтамабілі памежную загароду і апынуўся на беларускай тэрыторыі, паведамляе выданне Delfi.

“Пры затрыманні [ў Беларусі] ён нібыта быў п’яны, сцвярджаюць беларускія памежнікі”, — гаворыцца ў публікацыі.

Адзначаецца, што ў Літве мужчыну дапыталі, яму выстаўленыя абвінавачванні ў “знішчэнні або пашкоджанні маёмасці” і “незаконным перасячэнні мяжы”.

Мужчына знаходзіцца на волі.

Пра інцыдэнт паведаміў 4 траўня Delfi са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Паводле звестак службы, літоўскі грамадзянін, які знаходзіўся за стырном згаданага аўтамабіля, падчас затрымання на тэрыторыі Беларусі “няцвёрда трымаўся на нагах”.

Гэта адбылося ў Вільнюскім раёне. У адным месцы тут да мяжы з Беларуссю вядзе невыкарыстоўваемая дарога.

“Уначы з Літвы на гэтую дарогу на вялікай хуткасці выехаў аўтамабіль Toyota Yaris Cross з пазначэннямі кампаніі, якая прадстаўляе паслугі падвозу. Кіроўца па нейкай прычыне не звярнуў увагу на знакі і ў цемры ўрэзаўся ў фізічны бар’ер, усталяваны для абароны ад нелегальных мігрантаў. Аўтамабіль выехаў на тэрыторыю Беларусі. Там ён спыніўся, пашкодзіўшы і інфраструктуру на тэрыторыі суседняй краіны”, — гаварылася ў матэрыяле.

Падзяліцца: