Мінск 21:46

Віцэ-прэм’ер Каранкевіч накіраваўся наладжваць сувязі з больш уплывовымі, але не прызнанымі светам сіламі Лівіі

Віктар Каранкевіч
Відэа ў тэлеграм-канале ўрада / стоп-кадр: "Позірк"

24 траўня, Позірк. Дэлегацыя ўрада Беларусі на чале з віцэ-прэм’ерам Віктарам Каранкевічам здзяйсняе працоўны візіт ва ўсходнюю частку Лівіі.

“Плануецца абмеркаванне развіцця ў эканамічнай, гуманітарнай, сацыяльнай сферах, а таксама актывізацыя ўзаемадзеяння паміж парламентамі дзвюх краін, — заявіў чыноўнік (на падставе відэакаментарыю ў тэлеграм-канале прэс-службы Савета міністраў). — Прадугледжваюцца сустрэчы, каб падвесці папярэднія ўжо вынікі дзейнасці, а таксама актывізаваць працу па асноўных кірунках, а таксама актывізаваць пра па асноўных кірунках, якія дазволяць у цэлым забяспечыць безумоўнае выкананне дамоўленасцей, дасягнутых на ўзроўні кіраўніка нашай дзяржавы — паважанага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі — і фельдмаршала Лівіі спадара Хафтара”.

Прэс-служба ўрада адзначыла, што падчас візіту плануецца абмеркаваць шырокі спектр пытанняў — “ад паставак харчавання і тэхнікі да сумесных праектаў у сферы адукацыі і медыцыны”.

“У Бенгазі запланаваная шырокая дзелавая праграма, — гаворыцца ў паведамленні. — Бакі маюць намер абмеркаваць далейшае ўзаемадзеянне ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі і аховы здароўя. Лівійскія партнёры маюць інтарэс да беларускіх тэхналогій, і Беларусь гатовая дзяліцца досведам”.

Вярхоўны галоўнакамандуючы Лівійскай нацыянальнай арміі (ЛНА) Халіфа Хафтар наведваў Мінск у лютым 2025 года. Лукашэнка на сустрэчы з ім заявіў, што беларускія ўлады гатовыя “зрабіць усё”, што прадстаўнікі Лівіі “ўбачаць карыснага ў Беларусі”.

Дэлегацыя Беларусі на чале з Каранкевічам наведвала Бенгазі ў сакавіку. Тады візіцёры прэзентавалі “магчымасці беларускай нафтаперапрацоўкі”, абмеркавалі супрацу ў галіне геолагаразведкі ды інш.

Дэ-юрэ Лівія — адзіная дзяржава, але дэ-факта пасля звяржэння Муамара Кадафі ў 2011 годзе краіна апынулася падзеленай і цяпер кіруецца некалькімі цэнтрамі ўлады.

ААН і міжнародная супольнасць прызнае ўрад нацыянальнага адзінства (УНА) на чале з прэм’ер-міністрам Абдэлем Хамідам Дбэйбам, які кантралюе каля траціны Лівіі — сталіцу Трыпалі і прылеглыя тэрыторыі (заходняя частка дзяржавы).

Каля дзвюх трацін краіны знаходзіцца пад кантролем усходняга ўрада Усамы Хамада, які базуецца ў Бенгазі, Палаты прадстаўнікоў у Табруку, якая яго прызначыла, і ЛНА на чале з Хафтарам, што іх падтрымлівае. Акрамя Беларусі цэнтр улады ва ўсходняй частцы Лівіі падтрымлівае Расія, Егіпет, ААЭ ды інш.

Нягледзячы на ​​тое, што УНА мае большую вагу на міжнароднай арэне, ва ўсходняга ўрада больш уплыву ўнутры краіны, у тым ліку дзякуючы кантролю над рэсурсамі і войскам.

Падзяліцца: