Мінск 19:44

Колькасць удзельнікаў вучэнняў “Захад-2025” скарочаная амаль удвая, сцвярджае прадстаўнік Мінабароны

Міністр абароны Віктар Хрэнін падчас назірання за вучэннямі
Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінабароны

28 траўня, Позірк. “Удакладненая задума” вучэнняў “Захад-2025”, у якой “колькасць удзельнікаў скарочаная амаль удвая”, была зацверджаная “яшчэ ў красавіку”, сцвярджае начальнік дэпартамента міжнароднай вайсковай супрацы (МВС) — памочнік міністра абароны Валерый Равенка.

Такім чынам Равенка пракаментаваў на сваёй старонцы ў сацсетцы Х заяву міністра абароны Віктара Хрэніна 28 траўня на пасяджэнні Савета міністраў абароны краін АДКБ пра “зніжэнне параметраў” запланаваных на сёлетні верасень беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў “Захад-2025” і перанос манеўраў ад межаў углыб Беларусі.

Ні Хрэнін, ані Равенка не канкрэтызавалі, якая колькасць вайскоўцаў у выніку будзе ўдзельнічаць у вучэннях.

Памочнік міністра абароны таксама адзначыў, што “за мінулы час вывучаная рэакцыя Захаду на гэтае мерапрыемства”.

“Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы заявіла пра намер правесці ў адказ “найбуйнейшыя за апошнія гады дывізіённыя манеўры”. Каб апраўдаць чаканні польскага боку, на палігоне пад Гроднам будзе арганізавана ротнае тактычнае вучэнне”, — заявіў начальнік дэпартамента МВС.

Сёлета ў студзені Равенка паведамляў, што да манеўраў “Захад-2025” плануецца прыцягнуць больш за 13 тыс. чалавек, з прычыны чаго, паводле яго слоў, беларускія ўлады “былі абавязаныя і ўжо апавясцілі ўсе дзяржавы — удзельнікаў Венскага дакумента” пра намер правесці такія манеўры, а таксама калі яны адбудуцца і якая іх колькасць.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі неаднаразова заяўляў пра планаванае нарошчванне расійскай вайсковай моцы і магчымасць узброенага ўварвання арміі РФ на тэрыторыю не толькі Украіны, але і Польшчы, Літвы і Латвіі з тэрыторыі Беларусі па аналогіі з падзеямі 24 лютага 2022 года. Тады расійскае ваеннае ўварванне ва Украіну часткова ажыццяўлялася з тэрыторыі Беларусі пасля заканчэння сумесных вайсковых вучэнняў.

Напрыканцы красавіка спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Андрэй Дземчанка ў інтэрв’ю агенцтву “Укрінформ” не выключыў, што РФ можа распачаць “якія-небудзь дзеянні” на беларускім напрамку. “Асабліва ўлічваючы, што яны зноў анансуюць сумесныя вучэнні. Вядома, калі будзе адбывацца перамяшчэнне расійскіх падраздзяленняў у Беларусі, мы будзем пра гэта ведаць”, — адзначыў прадстаўнік ДПСУ.

Падзяліцца: