Мінск 03:51

Нягледзячы на травеньскія замаразкі, у Мінсельгасхарчы няма непакою за ўраджай

30 траўня, Позірк. Нягледзячы на замаразкі, што прывялі да гібелі пасеваў, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання разлічвае атрымаць ураджай збожжавых, цукровых буракоў, лёну, бульбы, гародніны ў аб’ёмах, “зацверджаных урадам”, заявіў намеснік кіраўніка ведамства Уладзімір Гракун 30 траўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго, сёлета “надвор’е прынесла <…> сюрпрызы”, але ў ведамстве “былі да гэтага гатовыя”. Чыноўнік звярнуў увагу, што “не было ніводнага года, каб надвор’е было ідэальным [для працаўнікоў сяла] ад пачатку да канца”.

Тыя плошчы [пасеваў], якія загінулі або былі пашкоджаныя ў выніку замаразкаў, сцвярджае намеснік міністра, “адноўлены”.

“Збожжавая група амаль поўнасцю адноўленая за кошт пасеву кукурузы на зерне. Плошчы пасеваў цукровых буракоў і лёну адноўлены пасевамі гэтых жа сельгаскультур”, — паведаміў спікер, падкрэсліўшы, што ён “сёння не бачыць ніякіх хваляванняў” за ўраджай.

Што да сітуацыі з пладовымі, дык, як патлумачыў Гракун, “хутчэй за ўсё, у сярэдзіне чэрвеня, пасля правядзення інвентарызацыі садоў, стане вядома, што будзе з іх ураджаем”. Тады ж папярэдне стане зразумела, спатрэбяцца Беларусі імпартныя яблыкі ці не.

Раней Мінсельгасхарч паведамляў, што ў бягучым годзе сельскагаспадарчыя арганізацыі і сялянскія (фермерскія) гаспадаркі павінны забяспечыць вытворчасць зерня ў аб’ёме 9,92 млн т, цукровых буракоў — 5,1 млн т, алейнага насення рапсу — 1,1 млн т, бульбы — 780 тыс. т, ільновалакна — 55 тыс. т, гародніны адкрытага і закрытага грунту — 587 тыс. т, пладоў і ягад — 229 тыс. т.

Замаразкі ў траўні “зрабілі сваю брудную справу, нарабіўшы пэўнай шкоды пасевам”, аднак сітуацыя не крытычная, “катастрофы няма”, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас разгляду кадравых пытанняў 22 траўня.

Пра тое, што замаразкі гэтай вясной нарабілі істотную шкоду сельгаскультурам, 21 траўня заявіў намеснік прэм’ер-міністра Юрый Шулейка. Паводле яго сцвярджэння, старажылы не памятаюць такіх умоў надвор’я.

Як сведчыць праведзены “Позіркам” параўнальны аналіз аператыўных і архіўных даных Белгідрамета, з пачатку траўня перапісана 72 тэмпературных антырэкорды.

Чаргаванне ў красавіку — траўні цёплага надвор’я з “рэзкім пахаладаннем і працяглымі замаразкамі” негатыўна паўплывала на “развіццё сельскагаспадарчых культур ва ўсіх рэгіёнах, найбольш пацярпелі пасевы азімых культур”, заявіў 14 траўня прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.

Паводле Белстата, вытворчасць прадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорый (сельгасарганізацый, фермерскіх, насельніцтва) у 2024 годзе ў бягучых цэнах склала 36,3 млрд рублёў — у супастаўных цэнах на 3,4% больш, чым за 2023-ы.

У гаспадарках усіх катэгорый за гэты перыяд выраблена жывёлы і птушкі (у жывой вазе) 1 млн 824,8 тыс. т (+2,6%), малака — 8 млн 749,7 тыс. т (+5%), яек — 3 млрд 713,3 млн (+8%).

Валавы збор зерневых і зернебабовых культур склаў 8,3 млн т (+8,8%), рапсу — 1 млн т (+15,8%), цукровых буракоў — 5 млн т (+2,2%).

Дынаміку вытворчасці бульбы Белстат не прыводзіць. Разам з тым параўнанне даных сведчыць, што выкапаныя ў 2024-м 3,1 млн т бульбы — гэта на 22,5% менш, чым у 2023-м (4 млн).

Падзяліцца: