Мінск 03:38

Амбразевіч прыступіў да выканання абавязкаў амбасадара ў Ватыкане

30 траўня, Позірк. Амбасадао Беларусі пры Святым Пасадзе Юрый Амбразевіч 30 траўня ўручыў копіі даверчых грамат намесніку Дзяржаўнага сакратара Ватыкана па агульных справах Эдгару Пэна Парэ, паведаміў МЗС Беларусі.

Адзначаецца, што падчас размовы, якая адбылася, “абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковых стасункаў, міжнародная абстаноўка, акрэслены перспектывы далейшага развіцця ўзаемадзеяння Беларусі і Ватыкана”.

Згодна з дыпламатычнай практыкай, пасля ўручэння копій грамат пасол дэ-факта прыступае да выканання сваіх абавязкаў. Іх поўнавартаснае выкананне пачнецца пасля ўручэння даверчых грамат папу рымскаму Льву XIV.

Амбразевіч быў прызначаны паслом пры Святым Пасадзе 27 сакавіка. 22 траўня ён дадаткова атрымаў пасады пасла пры Суверэнным ваенным ордэне Гаспітальераў святога Яна Ерузалемскага, Родаса і Мальты, пастаяннага прадстаўніка пры харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Рыме, а таксама пастаяннага прадстаўніка пры ЮНЕСКА. Раней Амбразевіч быў намеснікам міністра замежных спраў.

Пасля прызначэння 27 сакавіка дыпламат заявіў, што, ствараючы дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Ватыкане, Беларусь “сыходзіць з таго, што гэта дазволіць умацаваць яе пазіцыі” ў шмат якіх краінах.

25 сакавіка паводле рашэння папы рымскага Францыска (памёр 21 красавіка) новым апостальскім нунцыем у Беларусі стаў 49-гадовы Ігнацыа Чэфалія.

Незадоўга да гэтага, 13 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка, віншуючы Францыска з 12-й гадавінай пантыфікату, заявіў, што супрацоўніцтва Мінска і Ватыкана паспяхова развіваецца. Ён выказаў меркаванне, што з адкрыццём у 2025 годзе пасольства Беларусі пры Святым Пасадзе гэтыя стасункі дасягнуць “якасна новага ўзроўню”.

У снежні 2024 года Савет Міністраў пастанавіў адкрыць пасольства Беларусі пры Святым Пасадзе да 1 верасня 2025 года.

Дыпламатычныя стасункі паміж беларускай дзяржавай і суверэнным каталіцкім суб’ектам устаноўлены 11 лістапада 1992 года. З таго ж года ў Беларусі дзейнічае дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасаду — апостальская нунцыятура.

Інтарэсы Мінска ў Ватыкане да гэтага часу прадстаўлялі па сумяшчальніцтве дыпламаты, акрэдытаваныя ў іншых еўрапейскіх краінах або міждзяржаўных структурах. Доўгі час паслом пры Святым Пасадзе быў Сяргей Алейнік, які сумяшчаў гэтую функцыю у тым ліку з пасадай намесніка міністра замежных спраў (захоўваў статус пасла як мінімум да прызначэння кіраўніком МЗС у снежні 2022 года; цяпер з’яўляецца членам Савета Рэспублікі).

8 траўня Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Льва XIV з абраннем папам рымскім і запрасіў яго ў Беларусь.

21 траўня афіцыйнае запрашэнне наведаць беларускую зямлю перадаў Льву XIV старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ), мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Іосіф Станеўскі.

Амбразевіч разам з кіраўніком беларускай дэлегацыі старшынём ніжняй палаты беларускага парламента Ігарам Сергеенкам прымаў удзел у цырымоніях пахавання папы рымскага Францыска 26 красавіка і інаўгурацыі Льва XIV 18 траўня.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года адносіны дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, што рушылі за масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.

Ад пачатку восені 2020 года да 25 сакавіка 2025 года, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнуліся не менш за 32 прадстаўнікі рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, пяць — грэка-каталіцкай царквы.

Разам з тым рэжым Лукашэнкі імкнецца дэманстраваць нармалізацыю адносін як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Святым Пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам у цэлым.

Падзяліцца: