Мінск 11:47

Еўрапейскія сацыялісты салідарны з “Народнай Грамадой”, БСДП (Грамада), выказалі падтрымку ўсім дэмсілам

Лідар "Народнай Грамады", палітвязень Мікола Статкевіч
Архіўнае фота: тэлеканал "Белсат"

31 траўня, Позірк. Партыя еўрапейскіх сацыялістаў (PES) выказала салідарнасць са сваімі беларускімі партнёрамі са статусам назіральніка “Народнай Грамадой” (НГ) і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада), якія “сутыкаюцца з усё больш моцнымі рэпрэсіямі з боку рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі”.

Заява апублікаваная 31 траўня — у пятую гадавіну з моманту затрымання лідара НГ Мікалая Статкевіча (у рамках палітычна матываванай справы прыгавораны да 14 гадоў зняволення).

PES канстатавала, што “стан правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі рэзка пагоршыўся пасля спрэчных выбараў 2020 года, у выніку якіх Лукашэнка застаўся ва ўладзе”.

“Стан правоў чалавека ў Беларусі выклікае найсур’ёзную занепакоенасць у PES, — гаворыцца ў заяве. — З 2020 года праваабарончы цэнтр “Вясна” зафіксаваў больш за 6.940 крымінальных прыгавораў з палітычных матываў. Цяпер як мінімум 219 палітзняволеных знаходзяцца ў сітуацыі павышанай рызыкі праз праблемы са здароўем. У 78 з ніз сур’ёзныя хранічныя захворванні, 8 — людзі з інваліднасцю, 32 — ва ўзросце больш за 60 гадоў, а 10 маюць разлады псіхічнага здароўя”.

У гэтым кантэксце еўрапейскія сацыялісты згадалі Статкевіча — “лаўрэата прэмій Вілі Брандта, Андрэя Сахарава, Хасэ Франсіска Пенья Гомеса, намінанта на Нобелеўскую прэмію міру”, якому “стварылі нечалавечыя ўмовы ўтрымання пасля таго, як ён выступіў супраць расійскай экспансіі”.

“З часам сітуацыя ў Беларусі толькі пагоршылася. Пасля чарговых спрэчных выбараў Лукашэнкі ў 2025 годзе БСДП (Грамада) была прызнаная беларускімі ўладамі “экстрэмісцкім фарміраваннем” (электаральная працэдура адбылася 26 студзеня; рашэнне ўладаў па БСДП — 7 траўня. — “Позірк”.), — звярнула ўвагу PES. — Гэта першы выпадак у гісторыі Беларусі, калі дэмакратычная апазіцыйная партыя, якая легальна існавала з 1991 па 2023 гады, была прызнаная “экстрэмісцкай”. Больш за тое, старшыня БСДП Ігар Барысаў, яго намесніца Ганна Канюс і член прэзідыума Ігар Маслоўскі таксама былі абвешчаныя “экстрэмістамі”.

Партыя еўрапейскіх сацыялістаў “як найбуйнейшая прагрэсіўная сіла Еўропы” асудзіла “выкарыстанне кляйма “экстрэміст” супраць палітычных апанентаў”.

Прэзідэнт PES Стэфан Лёвэн (Швецыя) заявіў, што “свабода думкі з’яўляецца неад’емным грамадзянскім правам” за якое партыя, якую ён узначальвае, “заўсёды будзе змагацца”. Паводле яго слоў, Статкевіч “не пабаяўся выступіць супраць аўтакратыі”, яго мужны ўчынак з’яўляецца напамінам, што свабоды “нетрывалыя, іх трэба абараняць”.

“Рашэнне Беларусі падтрымаць агрэсіўную вайну Расіі ва Украіне, дазваляючы расійскай арміі запускаць ракеты па ўкраінскай тэрыторыі, мярзотнае і спрыяе злачынствам супраць чалавечнасці, — дадаў ён. — Як і абвяшчэнне БСДП “экстрэмісцкім фарміраваннем”, гэта падкрэслівае аўтакратызм рэжыму Лукашэнкі, які ў саюзе з Уладзімірам Пуціным жорстка душыць любую палітычную апазіцыю. Гэта суровая перасцярога пра далікатнасць дэмакратыі і прычына, чаму мы маем змагацца за нашыя фундаментальныя каштоўнасці. Беларусь, мы чуем вас”.

Выканаўчы віцэ-прэзідэнт PES Катарына Барлі (Германія) нагадала, што з лютага 2023 года Статкевіча трымаюць “у поўным інфармацыйным вакууме”. “Мы не ведаем нічога пра яго стан. <…> Утрыманне людзей ва ўмовах поўнай ізаляцыі, уключаючы Мікалая Статкевіча, — гэта дзяржаўная жорсткасць і абуральнае парушэнне правоў чалавека. Мы заклікаем рэжым Лукашэнкі неадкладна спыніць гэтыя парушэнні правоў чалавека”, — заявіла яна.

У заяве падкрэслена, што PES “рашуча падтрымлівае беларускую апазіцыю — як у самой Беларусі, так і ў выгнанні, пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай, у барацьбе за дэмакратычную краіну”. “Мы едныя ў нашай прыхільнасці да справы вызвалення Беларусі, як і Украіны, з-пад прыгнёту дыктатараў і аўтакратаў”, — запэўнілі еўрапейскія сацыялісты.

Паўнапраўнымі членамі PES з’яўляюцца 33 сацыялістычныя, сацыял-дэмакратычныя і лейбарысцкія партыі з краін ЕС, а таксама з Нарвегіі і Вялікабрытаніі. Партыя мае 13 асацыяваных партнёраў ды 16 партнёраў у статусе назіральніка.

PES ёсць ядром Прагрэсіўнага альянсу сацыялістаў і дэмакратаў — другой паводле велічыні групы ў Еўрапейскім парламенце (136 з 720 крэслаў).

Падзяліцца: