Ціханоўская: Рэжым Лукашэнкі змушае дзяцей баяцца, маўчаць і ахвяраваць сваімі жаданнямі на карысць уладаў

1 чэрвеня, Позірк. Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначаецца 1 чэрвеня, але “аб якой абароне можа ісці гаворка [ў Беларусі], калі дзяржава разлучае дзяцей з бацькамі”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў звароце на сваім ютуб-канале.
“Многія з вас у асабістых размовах дзеляцца і іншымі цяжкасцямі, з якімі сутыкаюцца сёння дзеці. Прапаганда ў школах, прымусовыя зборы ў падтрымку рэжыму, загон у БРСМ і ўдзел у яго вар’яцкіх акцыях”, — сказала палітык.
Паводле яе слоў, многіх дзяцей у Беларусі “не бяруць у секцыі і гурткі толькі таму, што іх сем’і прызнаныя нядобранадзейнымі, бо іх бацькі мелі смеласць выказацца супраць несправядлівасці”.
“Рэжым змушае дзяцей баяцца, маўчаць і ахвяраваць сваімі жаданнямі на карысць уладаў. Рэжым вучыць іх быць ціхімі, “не высоўвацца”, імкнецца ўкараніць думку, што ўсё вырашаюць “людзі наверсе”, — падкрэсліла Ціханоўская.
Бацькі, дадала яна, хочуць, каб іх дзеці “мелі самае лепшае, шчаслівае жыццё”. “І калі мы глядзім на тое, як маленькія беларусы перамагаюць на творчых конкурсах, выдатна спяваюць, таленавіта малююць, заваёўваюць прызавыя месцы на міжнародных спаборніцтвах, мы разумеем, наколькі ў іх шмат таленту і сіл. І гэтыя талент і сілы трэба не душыць, а падтрымліваць, абараняць ад нападак і цкавання з боку “ідэалагічных” настаўнікаў”, — адзначыла дэмлідар.
“[Неабходна] вучыць дзяцей гаварыць на роднай мове, а не саромецца яе. Разам гартаць старонкі сапраўднай гісторыі, а не згаджацца з фэйкамі дзяржаўных падручнікаў. Тлумачыць, што значыць талерантнасць. Заахвочваць пытанні, цікавасць, жаданне разбірацца ў тым, што адбываецца навокал. І калі мы хочам, каб дзеці раслі ў краіне без страху, з правам на голас, то давайце разам паказваць ім, што свабода і справядлівасць займаюць важнае месца ў нашым жыцці. Давайце вучыць іх клопату пра блізкіх, павагу і смеласць быць сабой”, — заявіла Ціханоўская.
Намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Ірына МакЛейн паведаміла ў сувязі з Міжнародным днём абароны дзяцей, што, паводле звестак праваабаронцаў, з 2020 года ў Беларусі распачатыя не менш за 63 крымінальныя справы супраць непаўналетніх. “Многіх з іх дапытвалі без адвакатаў, трымалі ў ізалятарах. Ужывалі псіхалагічны ціск”, — падкрэсліла МакЛейн.
“Дзеці палітвязняў гадамі чакаюць сваіх бацькоў з турмаў — толькі таму, што іх бацькі выказалі нязгоду. Як мінімум гучалі пагрозы пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Органы апекі не абаранялі, а выступалі часткай рэпрэсіўнай сістэмы”, — адзначыла намесніца прадстаўніцы АПК.
Такія дзеянні ўладаў, паводле яе слоў, парушаюць падпісаную Беларуссю Канвенцыю ААН аб правах дзіцяці. “Замацаваныя на паперы нормы не выконваюцца, калі дзяржава сама стварае пагрозу для дзяцей”, — канстатавала МакЛейн.
“Цяпер жа ў Беларусі нават навучанне ў замежнай школе можа стаць падставай для ўмяшання ў справы сям’і і аспрэчвання выбару бацькоў і самога дзіцяці”, — сказала яна.
“Падтрымка, бяспека і годнасць дзіцяці”, паводле яе сцвярджэння, павінны быць “безумоўнымі”. “Гэта не залежыць ад меркавання ўладаў, гэта проста падмурак сацпалітыкі. І калі мы гаворым пра будучыню, яна павінна пачынацца з аднаго простага прынцыпу: дзіця не можа быць інструментам ціску. Ніколі”, — рэзюмавала МакЛейн.
Раней з нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Сярод іншага ён заявіў, што ўлады “з вялікай адказнасцю ставяцца да кожнага дзіцяці”.
“Мы бачым у вас нашу будучыню. Укладваем шмат працы, каб ваша дзяцінства было шчаслівым, напоўненым новымі ведамі і пазітыўнымі эмоцыямі”, — сказаў Лукашэнка.
Для гэтага, паводле яго слоў, у Беларусі “створаныя неабходныя ўмовы: якасная адукацыя, шырокая сацыяльная падтрымка, даступная медыцына — усё, што трэба для рэалізацыі амбіцыйных планаў”.
На 1 студзеня 2025 года ў Беларусі пражывала 1 млн 764 тыс. 309 дзяцей — гэта на 26,2% менш, чым было на пачатак 2000-га (2.391.869), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Найгоршая дынаміка зафіксаваная ў Віцебскай вобласці — зніжэнне на 39,8% (з 313.095 да 188.613). Далей ідуць Магілёўская вобласць — на 35% (з 287.404 да 186.714), Гродзенская — на 30,4% (з 285.521 да 198.774), Гомельская — на 28,9% (з 374.056 да 266.023), Брэсцкая — на 25,9% (з 374.722 да 277.778), Мінская — на 23,5% (з 373.188 да 285.391), Мінск — на 6% (з 383.883 да 361.016).
За названы перыяд насельніцтва Беларусі зменшылася на 8,9% (з 10.002.535 да 9.109.280). Доля дзяцей у колькасці насельніцтва знізілася за чвэрць стагоддзя на 4,5 працэнтнага пункта (з 23,9% да 19,4%).

- Палітыка
- Грамадства
- ПалітыкаВільнюскі саміт асудзіў Беларусь за дапамогу РФ нароўні з КНДР і ІранамМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаТравень стаў рэкордным месяцам ад пачатку года паводле колькасці спробаў нелегалаў трапіць з Беларусі ў ЕС (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаПерапад тэмператур у меншай ступені паўплываў на расліны ва ўгноеных глебах — Інстытут меліярацыіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ЭканомікаУ свеце адбылося 3–5 цыклаў рэканструкцыі меліярацыйных сістэм, у Беларусі спрабуюць правесці першы — МінсельгасхарчМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- ПалітыкаВячорка: Наўроцкі цудоўна ведае беларускую сітуацыю і разумее важнасць Беларусі для ПольшчыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаКарбалевіч: У пытанні Беларусі сярод польскіх палітыкаў існуе кансэнсус (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаАбранне новага прэзідэнта Польшчы не прывядзе да неадкладных наступстваў для Беларусі, лічыць ШрайбманМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+