Беларускія выдаўцы Надзея Кандрусевіч і Дзмітрый Строцаў сталі лаўрэатамі прэміі Prix Voltaire

3 чэрвеня, Позірк. Беларускім выдаўцам Надзеі Кандрусевіч і Дзмітрыю Строцаву прысуджаная прэмія Prix Voltaire 2025 года. Цырымонія ўручэння ўзнагароды адбылася 2 чэрвеня ў рамках World Expression Forum у Лілехамеры (Нарвегія), паведамляе Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (IPA).
Старшыня камітэта па свабодзе публікацыі IPA Крыстэн Эйнарсан адзначыла на цырымоніі: “Тое, што нашыя лаўрэаты мусяць працягваць публікавацца ў выгнанні праз сваю прыхільнасць да свабоды публікацыі, заслугоўвае нашай павагі і прызнання”.
Кандрусевіч не змагла прысутнічаць на ўручэнні прэміі, але перадала свой зварот. У ім яна падкрэсліла, што гэтая ўзнагарода “належыць усім перакладчыкам, выдаўцам і пісьменнікам, якія працягваюць працаваць, нягледзячы ні на якія абставіны”, а таксама “ўсім дзецям, якія чытаюць ці слухаюць казкі на ноч, і ўсім бацькам, якія вераць у сілу добрай кнігі”.
Строцаў, які з’яўляецца рускамоўным паэтам, на цырымоніі выступіў на беларускай мове. Ён адзначыў, што ў сакавіку 2022 года з’ехаў на Захад “з адным маленькім чамаданам”: “Я ўцёк ад палітычных пераследаў, але таксама рыхтаваўся да новай місіі — выкарыстаць 30-гадовы досвед выдавецкай дзейнасці для стварэння свабоднага беларускага выдавецтва ў выгнанні”.
Прысуджэнне прэміі ён назваў “важнай падтрымкай беларускага дэмакратычнага супраціву”.
“Сардэчна віншую беларускіх выдаўцоў Дзмітрыя Строцава і Надзею Кандрусевіч з атрыманнем прэстыжнай прэміі. У выгнанні яны працягваюць прапагандаваць беларускую мову, культуру і ціхую сілу слова”, — напісала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
У 2014 годзе прэмія Prix Voltaire была ўручаная выдаўцу Ігару Логвінаву. У шорт-ліст таксама ўваходзіў выдавец Андрэй Янушкевіч (2024).
Даведка “Позірку”:
Надзея Кандрусевіч у 2018 годзе заснавала ў Беларусі выдавецтва “Koska,”. Яно спецыялізавалася на выпуску дзіцячых твораў скандынаўскіх пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову (цяпер не выдае друкаваныя кнігі, але раней выдадзеныя прадаюцца на інтэрнет-платформах). З 2022 года Кандрусевіч жыве ў Швецыі.
Дзмітрый Строцаў з 2022 года пражывае ў Германіі. У Мінску ён меў выдавецтва “Вінаград”, але ўлады пазбавілі арганізацыю ліцэнзіі.
Строцава — аўтара 18 кніг вершаў на рускай мове, члена Беларускага ПЭН-цэнтра — затрымлівалі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 года, ён адбываў адміністрацыйны арышт. З’яўляецца лаўрэатам Рускай прэміі (2007), прэміі Norwegian Authors’ Union’s Freedom of Speech Award (2020), прэміі Фонду бібліятэкі Вацлава Гавела (2021) ды інш. Яго вершы перакладзеныя на беларускую, англійскую, грузінскую, італьянскую, латышскую, літоўскую, нямецкую, нарвежскую, польскую, украінскую, французскую, шведскую, чэшскую, эстонскую ды іншыя мовы.
У Берліне Строцаў заснаваў выдавецтва беларускай паэзіі hochroth Minsk.
IPA заснаваная ў 1896 годзе ў Парыжы (Францыя) для прасоўвання і абароны аўтарскіх правоў і свабоды публікацыі.
Складаецца са 105 асацыяцый-членаў (84 краіны). Праз сваіх членаў IPA прадстаўляе тысячы індывідуальных выдаўцоў па ўсім свеце, якія абслугоўваюць больш як 5,6 млрд чалавек.
IPA з’яўляецца акрэдытаванай няўрадавай арганізацыяй, якая мае кансультатыўныя стасункі з ААН.
Прэмія IPA Prix Voltaire уключае прыз у памеры 10 тыс. швейцарскіх франкаў (12,2 тыс. долараў).


- Грамадства, ПалітыкаЛатвія зафіксавала рэкордную за апошні месяц колькасць спробаў незаконнага пранікнення з БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 4 чэрвеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаСкарачаецца колькасць краін, куды пастаўляецца прадукцыя беларускага легпрама — даныя Белстата (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаКолькасць атэставаных экскурсаводаў дасягнула 1,3 тыс. — МінспортуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+