Мінск 09:40

Заснавальнік “Беларускага Гаюна” Матолька завочна прыгавораны да 20 гадоў пазбаўлення волі (дапоўнена)

Архіўнае фота: tut.by

3 чэрвеня, Позірк. Гродзенскі абласны суд завочна прыгаварыў блогера, заснавальніка цяпер закрытага праекта па маніторынгу ваеннай актыўнасці “Беларускі Гаюн” Антона Матольку да 20 гадоў пазбаўлення волі за “шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці”, паведаміла 3 чэрвеня прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Суд таксама пастанавіў спагнаць з яго штраф у памеры 2.000 базавых велічыняў (84 тыс. рублёў).

Паводле версіі абвінавачання, Матолька сярод іншага “напрыканцы траўня 2020 года арганізаваў і ажыццяўляў кіраўніцтва змовай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”.

Пракуратура называе блогера стваральнікам, адміністратарам і кіраўніком шэрагу тэлеграм-каналаў — “МотолькоПомоги”, “Диаспоры Беларуси против войны: Дзечат” і “Беларускі Гаюн”.

Пра тое, што пракуратура накіравала справу Матолькі ў суд, стала вядома 14 лістапада 2024 года. Тады ведамства паведамляла, што блогер абвінавачваецца паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Яму паставілі ў віну змову з мэтай захопу дзяржулады (ч. 1 арт. 357); арганізацыю масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293), групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342); распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы (ч. 3 арт. 130); публічныя заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі (ч. 3 арт. 361); пагрозу гвалтам, паклёп і “публічную абразу прэзідэнта” (ч. 2 арт. 366, ч. 2 арт. 367, ч. 1 і ч. 2 арт. 368); дыскрэдытацыю Беларусі (арт. 3691); стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім, фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і ч. 2 арт. 3611, ч. 2 арт. 361); здраду дзяржаве (ч. 1 арт. 356).

У параўнанні з інфармацыяй Следчага камітэта, які абвясціў пра спецвытворчасць у дачыненні да Матолькі летась 22 ліпеня, спіс артыкулаў скараціўся на два: 3612 (у рэдакцыі КК 2016 года, фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання) і 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

Праект “Беларускі Гаюн” быў заснаваны пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, займаўся маніторынгам ваеннай актыўнасці ў Беларусі. Спыніў працу 7 лютага 2025 года, неўзабаве пасля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе “збіралася інфармацыя ад людзей”.

“Мы не ведаем, які аб’ём даных мог быць выгружаны за той час, пакуль у старонняга акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сітуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэта памылка была маёй”, — паведаміў Матолька.

Блогер папярэдзіў пра пагрозу для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. У некаторых з іх атрымалася эміграваць, аднак праваабаронцам вядома, што па справе “Беларускага Гаюна” прайшло не менш як 15 чалавек.

Пра масавыя затрыманні паведамлялася 2 траўня. Паводле звестак праваабаронцаў, у рамках крымінальных спраў абвінавачанні выстаўленыя паводле арт. 3614 КК.

Падзяліцца: