Паводле прыгавору суда з аўкцыёну будзе рэалізаваная маёмасць блогера Матолькі — аўтамабіль, лецішча, зямельны ўчастак

4 чэрвеня, Позірк. Поўны тэкст прыгавора па сваёй крымінальнай справе апублікаваў 4 чэрвеня ў “Фэйсбуку” блогер Антон Матолька, які знаходзіцца за межамі Беларусі.
З прыгавора вынікае, што, акрамя пазбаўлення волі і штрафу, у дачыненні да актывіста вынесены яшчэ шэраг рашэнняў.
Суд пастанавіў спагнаць з Матолькі ў даход дзяржавы 668 тыс. 883,45 рубля — у такую суму ацэненая маёмасць блогера, нібыта здабытая злачынным шляхам.
Судовае рашэнне прадпісвае зняць арышт з маёмасці для “рэалізацыі ў мэтах выканання прысуду”.
У пералік згаданай маёмасці ўключаны аўтамабіль “Мазда MX3” 1994 года выпуску, “капітальны будынак (садовы домік)” і зямельны ўчастак, размешчаныя ў Мінскім раёне, а таксама грошы на рахунках ў розных банках на агульную суму каля 80 долараў.
У адпаведнасці з ч. 3 арт. 155 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (рашэнне па грамадзянскім пазове), Міністэрству фінансаў перададзена права “на задавальненне грамадзянскага пазову, прад’яўленага першым намеснікам пракурора Гродзенскай вобласці да Матолькі А.Г. аб кампенсацыі маёмаснай шкоды, перадаўшы пытанне аб яго памерах на разгляд у парадку грамадзянскага судаводства”, гаворыцца ў прыгаворы.
Указаны таксама пералік артыкулаў Крымінальнага кодэкса, інкрымінаваных блогеру ў судзе: ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі), ч. 2 арт. 366 (гвалт альбо пагроза гвалтам <…> у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак па ахове грамадскага парадку), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта), ч. 1 і ч. 2 арт. 368 (абраза прэзідэнта), арт. 3691 (дыскрэдытацыя Беларусі), ч. 1 і ч. 2 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім), ч. 2 арт. 3612 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), арт. 3612 (у рэдакцыі КК 2016 года, фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання), ч. 2 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве).
3 чэрвеня Генеральная прокуратура паведаміла, што Гродзенскі абласны суд завочна прыгаварыў блогера, заснавальніка цяпер закрытага праекта па маніторынгу ваеннай актыўнасці “Беларускі Гаюн” Антона Матольку да 20 гадоў пазбаўлення волі за “шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці”.
Суд таксама пастанавіў спагнаць з яго штраф у памеры 2.000 базавых велічыняў (84 тыс. рублёў).
Паводле версіі абвінавачання, Матолька сярод іншага “напрыканцы траўня 2020 года арганізаваў і ажыццяўляў кіраўніцтва змовай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”.
Пракуратура называе блогера стваральнікам, адміністратарам і кіраўніком шэрагу тэлеграм-каналаў — “МотолькоПомоги”, “Диаспоры Беларуси против войны: Дзечат” і “Беларускі Гаюн”.
Пра тое, што пракуратура накіравала справу Матолькі ў суд, стала вядома 14 лістапада 2024 года.
Праект “Беларускі Гаюн” быў заснаваны пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, займаўся маніторынгам ваеннай актыўнасці ў Беларусі. Спыніў працу 7 лютага 2025 года, неўзабаве пасля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе “збіралася інфармацыя ад людзей”.
“Мы не ведаем, які аб’ём даных мог быць выгружаны за той час, пакуль у старонняга акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сітуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэта памылка была маёй”, — паведаміў Матолька.
Блогер папярэдзіў пра пагрозу для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. У некаторых з іх атрымалася эміграваць, аднак праваабаронцам вядома, што па справе “Беларускага Гаюна” прайшло не менш як 15 чалавек.
Пра масавыя затрыманні паведамлялася 2 траўня. Паводле звестак праваабаронцаў, у рамках крымінальных спраў абвінавачанні выстаўленыя паводле арт. 3614 КК.


- Грамадства
- ГрамадстваУ Беларусі зафіксаваныя першыя тэмпературныя рэкорды лета 2025 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку чэрвеня ў ЕС спынілі больш спробаў парушэння мігрантамі мяжы з боку Беларусі, чым за студзень і люты разам узятыяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваУ траўня тэхагляд прайшло на 20,2% больш транспарту, чым годам раней (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаПрадстаўнік Інстытута эканомікі НАН прапануе "некалькі збалансаваць" высокую долю ЖКП у бюджэтных выдатках (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка