Мінск 02:02

Раніцай 6 чэрвеня без электрычнасці заставалася 25 паселішчаў Мінскай вобласці

Наступствы непагадзі ў Мінскай вобласці
Фота: "Мінскэнерга"

6 чэрвеня, Позірк. З 5 чэрвеня непагадзь парушыла электразабеспячэнне 223 населеных пунктаў Мінскай вобласці, вынікае з інфармацыі прадпрыемства “Мінскэнерга”.

На 8:00 6 чэрвеня аднаўленчыя работы працягваліся ў 25 паселішчах.

Да аднаўлення прыцягнулі больш за 120 адмыслоўцаў. “Энергетыкі нястомна працуюць над аднаўленнем электразабеспячэння, выкарыстоўваючы ўсе неабходныя рэсурсы і тэхналогіі для мінімізацыі часу адключэнняў”, — адзначае прадпрыемства.

Паводле зводкі “Мінскэнерга”, на 21:00 5 чэрвеня не менш як у 99 населеных пунктах Мінскай вобласці было парушана электразабеспячэнне ў выніку праходжання актыўнага навальнічнага фронту. Найбольш пацярпелі Барысаўскі і Пухавіцкі раёны. У першым з іх, а таксама ў Мінску ўведзены “асаблівы рэжым” працы.

На 23:00 лініі электраперадачы аднаўлялі ў 85 населеных пунктах вобласці.

Паводле звестак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, праз навальніцу, даждж і вецер у Гродне і Гродзенскім раёне пашкоджаныя дахі сямі прыватных дамоў, двух гаражоў і аднаго адміністрацыйнага будынка; падтопленыя падвалы трох адміністрацыйных будынкаў і двух прыватных дамоў. Акрамя таго, пашкоджанні дахаў прыватных дамоў зафіксаваныя ў Мінскай вобласці: у Барысаўскім раёне — два выпадкі, Лагойскім і Пухавіцкім — па адным.

Зафіксавана 30 выпадкаў падзення дрэў: у Мінскай вобласці — 11, Гродзенскай — 19. Паваленыя дрэвы пашкодзілі тры аўтамабілі: у Гродне — два, Маладзечне — адзін.

У Мінску падтапіла 23 участкі дарог і дзевяць будынкаў: адміністрацыйныя будынкі — тры, падвалы шматпавярховых дамоў — ​​два, прыватныя дамы — два, а таксама салон продажу аўтамабіляў і падземны паркінг.

Паводле інфармацыі Белгідрамета, найбольшая колькасць ападкаў выпала ў Мінску (28 мм, або 28 л вады на квадратны метр тэрыторыі, каля траціны месячнай нормы), Беразіне і Мар’інай Горцы (па 19 мм). У сталіцы парушалася праца амаль 100 маршрутаў грамадскага транспарта. Перыпынак руху дасягаў дзвюх з паловай гадзін (з 18:24 да 20:58 на вул. Гурскага), вынікае з паведамленняў прадпрыемства “Мінсктранс”.

На большай частцы Беларусі 6 чэрвеня чакаюцца навальніцы, у асобных раёнах — залевы, шторм, папярэджвае МНС

6 чэрвеня, Позірк. На большай частцы Беларусі 6 чэрвеня чакаюцца навальніцы, у асобных раёнах — "пры навальніцах моцныя залевы", "у дзённыя гадзіны — град і шквалістае ўзмацненне ветру", папярэджвае Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Будзе дзьмуць паўднёва-заходні вецер хуткасцю 4–9 метраў на секунду …
Падзяліцца: