Мінск 02:20

Лукашэнка адкрыў у Мінску стадыён — “знак беларуска-кітайскага сяброўства” і намякнуў на помнік Сі Цзіньпіну

Відэа: неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі / стоп-кадр: "Позірк"

7 чэрвеня, Позірк. “Найвялікшай падзеяй” для Беларусі назваў Аляксандр Лукашэнка адкрыццё “грандыёзнага збудавання” — нацыянальнага футбольнага стадыёна побач з плошчай Ванеева на паўднёвым усходзе Мінска.

“Выдатная арэна, як і новы басейн міжнароднага ўзроўню, спраектаваныя і пабудаваныя нашымі сябрамі з Кітайскай Народнай Рэспублікі”, — заявіў ён 7 чэрвеня на адкрыцці спартовага аб’екта.

Спікер, словы якога прыводзіць яго прэс-служба, выказаў падзяку старшыні КНР Сі Цзіньпіну і “ўсім кітайскім партнёрам” за ўзвядзенне “самага вялікага і сучаснага футбольнага стадыёна Беларусі, які спалучае нацыянальныя традыцыі і перадавыя інжынерныя рашэнні”.

“Я перакананы, гэты стадыён стане яшчэ адным вядомым вобразам нашага горада-героя Мінска, сімвалам моцнага беларуска-кітайскага сяброўства, — сказаў Лукашэнка. — Спадзяюся, у недалёкай будучыні нараўне з таварыскімі гульнямі, матчамі нацыянальнага чэмпіянату мы зможам прымаць тут афіцыйныя міжнародныя сустрэчы і атрымліваць асалоду ад выступлення найлепшых футбалістаў свету”.

Кажучы пра гісторыю з’яўлення стадыёна, спікер адзначыў, што “аднойчы ў Пекіне, ведучы перагаворы са сваім старым і вельмі надзейным сябрам” Сі Цзіньпінам, ён “пачаў гэтую размову”.

“Ён сказаў: “Мы падумаем”. У наступны раз, 12-ы ці 13-ы раз у Пекіне, скончыўшы перагаворы, афіцыйную частку, ён мяне бярэ за руку: “Давайце нешта пакажу”. <…> Ён мяне падводзіць — велізарны стол і нешта там пад нейкай прасцінай. Здымае гэтае покрыва і кажа: “Вось басейн, пра які ты марыў, і нацыянальны стадыён міжнароднага ўзроўню. Мы гэта падорым беларускаму народу”, — сцвярджае Лукашэнка (на падставе відэазапісу ў неафіцыйным тэлеграм-канале яго прэс-службы).

“Я сказаў на ўваходзе, дзе… вы бачылі — кітайцы прывезлі [скульптурную кампазіцыю] “Два футбалісты”. Такі помнік, я сказаў, акурат бы тут паставіць такі помнік майму сябру Сі Цзіньпіну, бо толькі дзякуючы яму, прыняўшы рашэнне, кітайцы пабудавалі за свой кошт гэты бліскучы стадыён, як міністр сказаў, якіх мала ў Еўропе”, — дадаў ён.

Адкрыццё стадыёна адбылося на трэці дзень пасля вяртання Лукашэнкі з Кітаю, дзе сярод іншага адбыліся перагаворы з Сі Цзіньпінам.

Як паведамляў “Позірк”, у Беларусі чакаюць візіт парламенцкай дэлегацыі КНР на чале з намеснікам старшыні пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Цінвэем.

"Поўны парадоксаў". Што пра візіт Лукашэнкі пісалі ў Кітаі

Наста БЫКОЎСКАЯ Апублікавана на адкрытай версіі "Позірку" 6 чэрвеня 2025 года ў 16:11 Аляксандр Лукашэнка наведаў Кітай. Ягоная прэс-служба традыцыйна надала гэтаму візіту вялікае значэнне, пышна апісаўшы сустрэчы і перспектывы. "Позірк" пачытаў кітайскія СМІ і высветліў, пра што прамаўчала беларуская …
Падзяліцца: