Мінск 05:42

“Поўны парадоксаў”. Што пра візіт Лукашэнкі пісалі ў Кітаі

Наста БЫКОЎСКАЯ

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 6 чэрвеня 2025 года ў 16:11

Ілюстрацыя: "Позірк"

Аляксандр Лукашэнка наведаў Кітай. Ягоная прэс-служба традыцыйна надала гэтаму візіту вялікае значэнне, пышна апісаўшы сустрэчы і перспектывы. “Позірк” пачытаў кітайскія СМІ і высветліў, пра што прамаўчала беларуская дзяржпрапаганда.

Візіт адбыўся з 2 па 4 чэрвеня. Неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы палітыка паведаміў пра візіт 2 чэрвеня ў 8:54, а праз 2 хвіліны адрапартаваў пра вылет борта ў Пекін.

Асноўнай тэмай візіту стала сустрэча са старшынём КНР Сі Цзіньпінам. Першапачаткова Лукашэнка заявіў, што асноўнай тэмай размовы будзе “машынабудаўнічая галіна і тэхналагічная мадэрнізацыя асобных напрамкаў прамысловасці ў Беларусі”. Але па выніках перамоваў пра гэта не было сказана ні слова. Затое Сі, калі верыць прэс-службе Лукашэнкі, падкрэсліў, што Беларусь, як і Кітай, “ніколі не падпарадкоўваецца якому-кольвек міжнароднаму гегеманізму, палітыцы цкавання”, і “яшчэ раз павіншаваў” Лукашэнку з “пераабраннем” сёлета ў студзені.

“За гэтым павінна нешта стаяць”

Прэс-служба Лукашэнкі, асвятляючы ягоную паездку ў Пекін, на гэты раз апусціла важную дэталь: а з якім візітам ён прыбыў у Кітай? Традыцыйна кіраўнікі дзяржаў (і тыя, хто сябе да іх прыраўноўвае) могуць наведаць іншую краіну з дзяржаўным (найбольш урачыстым), афіцыйным, рабочым і прыватным візітам.

Але зараз наконт гэтых фармальнасцяў прамаўчалі. Адзінае тлумачэнне даў амбасадар Беларусі ў Кітаі Мікалай Снапкоў: “Не рабочы і не афіцыйны візіт прэзідэнта Беларусі ў Кітай, а візіт для сямейнага сяброўскага абеду”.

Тлумачэнне гэтага, магчыма, хаваецца ў тым, пра што напісалі кітайскія СМІ. Паводле іх звестак, візіт Лукашэнкі ў Пекін быў нечаканым.

“Звычайна пра візіт прэзідэнта трэба абвяшчаць за месяц, але на гэты раз быў “сюрпрыз”, за гэтым павінна нешта стаяць”, — піша Ян Шуань на NetEase.

Ён лічыць, што “нечаканы візіт Лукашэнкі ў Кітай павялічвае перавагі Кітая ў перамовах з Расіяй”, а таксама звязаны з “запланаваным візітам Пуціна ў Кітай”.

У іншым артыкуле выданне ускосна звязала візіт з перамовамі Расіі і Украіны: “2 чэрвеня быў цікавы дзень. Расія і Украіна толькі што, пасля абеду, скончылі перамовы ў Стамбуле, а ўвечары самалёт Лукашэнкі ціха паляцеў у Пекін”. Прызямліўся ён у Пекіне таксама ціха, “як начная сава”.

“Лукашэнка хоча ціха “падняць стаўкі” ў Пекіне, пакуль увага міжнароднай супольнасці ўсё яшчэ сканцэнтраваная на Стамбуле”, — сцвярджае Рэн Цзіян на NetEase.

У сваю чаргу аўтар Phonix News У Сіньчунь піша, што “Еўропа ў небяспецы” і ў гэтай сітуацыі “баец нумар адзін” ляціць наўпрост у Пекін”.

“Беларусь заціснутая паміж Расіяй і НАТО, як вяндліна ў бутэрбродзе”

Беларускія афіцыйныя рупары не паведамілі мэту і прычыну візіту Лукашэнкі ў Пекін. Кітайскія крыніцы выказваюць свае гіпотэзы. Перад усім гэта канкурэнцыя з Расіяй.

“З пункту гледжання асноўных інтарэсаў, Беларусь і Расія зусім не на адной хвалі”, яны “міжволі сталі “канкурэнтамі” ў прыцягненні кітайскіх рэсурсаў”, сцвярджае Ян Шуань. Ён называе вялікай праблемай Беларусі эканамічную залежнасць ад Расіі.

“Такім чынам, візіт Беларусі ў Кітай мае як мінімум тры мэты. Адна з іх — абысці Расію і непасрэдна заключыць гандлёвае пагадненне з Кітаем, напрыклад “бартарнае” супрацоўніцтва па абмене сельскагаспадарчай прадукцыяй на прамысловае абсталяванне. Па-другое, гэта павінна даказаць міжнароднай супольнасці, што Беларусь не з’яўляецца “паслядоўніцай” Расіі і мае незалежны дыпламатычны голас. Па-трэцяе, пасля дасягнення намеру супрацоўніцтва з Кітаем у іх будзе больш рычагоў, калі яны пачнуць перамовы з Расіяй”, — лічыць Ян Шуань.

“Вялікі Брат” больш ненадзейны. Беларусь заціснутая паміж Расіяй і НАТО, як кавалачак вяндліны ў бутэрбродзе”, — піша яшчэ адзін аўтар NetEase Рэн Цзыян.

Паводле яго меркавання, кітайскія тэхналогіі могуць дапамагчы Беларусі “змяніць свой лёс” у энергетычным плане.

Інфармацыйнае агенцтва ўрада Кітая “Сіньхуа” больш стрымана піша пра сустрэчу. Паводле яго, Лукашэнка заявіў, што Беларусь ставіцца да Кітая з высокай ступенню даверу і будзе актыўна развіваць супрацоўніцтва з ім. Дзеяч “выказаў глыбокае захапленне і гатоўнасць прыкладаць сумесныя з Кітаем намаганні для абароны міжнароднай бесстароннасці і справядлівасці”.

Паводле прэс-службы Лукашэнкі, той атрымаў запрашэнне ад Сі Цзіньпіна на саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і парад 3 верасня ў гадавіну “перамогі ў сусветнай антыфашысцкай вайне”. Але кітайскія крыніцы гэты факт не згадваюць.

Перад ад’ездам з Пекіна Лукашэнка паразмаўляў з журналістамі і назваў візіт цалкам паспяховым. “Мы пагадзіліся з тым, што павінны ўмацоўваць адносіны паміж нашымі дзвюма краінамі”, — цытуе яго sohu.com.

“Жалезны ветэран”

З’яўленне Лукашэнкі ў Пекіне абмяркоўвалі і кітайскія блогеры. Адзін з іх назваў беларускага кіраўнікаа “жалезным ветэранам”.

Другі звярнуў увагу на тое, што сустрэча з аднаго боку “старанна падрыхтаваная”, а з іншага — пазначаная як “тэрміновая”. “Візіт прэзідэнта Беларусі Лукашэнкі ў Пекін поўны парадоксаў”, — напісаў ён.

“Галоўная мэта гэтай паездкі, верагодна, заключаецца ў тым, каб ператварыць прыгожыя “папяровыя планы” паміж Кітаем і Беларуссю ў бачныя, адчувальныя эканамічныя вынікі і гарантыі бяспекі, якія могуць вырашыць тэрміновыя праблемы як мага хутчэй і больш поўна”, — выказаў здагадку трэці.

Далей за ўсё пайшоў аўтар канала “Міжнародная абсерваторыя”*. Паводле яго, тэхналагічныя інавацыйныя магчымасці Расіі ў апошнія гады знізіліся, назіраецца “павольнае тэхналагічнае развіццё ў многіх галінах прамысловасці”, таму яна “не ў стане дапамагчы Беларусі дасягнуць тэхналагічнай мадэрнізацыі”.

У гэтай сітуацыі “ўрад Лукашэнкі таксама сутыкнецца з праблемамі”. “Пры актыўнай падтрымцы Захадам беларускага апазіцыйнага партыйнага руху”, “калі ў адзін дзень ўсё зменіцца ўнутры Беларусі, Лукашэнку і іншых членаў дзейнага ўрада, несумненна, чакае расплата”.

* Праз некалькі гадзін гэты відэаролік быў выдалены, сам акаўнт перазапісаны, але ролік ёсць у распараджэнні рэдакцыі.

Падзяліцца: