Мінск 12:33

У Беларусі выяўлена больш за тысячу ахвяр гандлю людзьмі, але толькі двум прысудзілі кампенсацыю

Аляксандра КУЛАШЭНКА

Ілюстрацыя: needpix.com

У 2026 годзе Дзяржаўны дэпартамент ЗША ў чарговы раз уключыў Беларусь у лік краін (на гэты раз іх 12), дзе існуе праблема гандлю людзьмі. Як адзначаецца ў апублікаванай 8 кастрычніка справаздачы амерыканскага знешнепалітычнага ведамства за 2025 год, у гэтых краінах “дакументальна зафіксаваная” палітыка або “сістэматычная практыка”, звязаная з гандлем людзьмі. Услед за ЗША сваё бачанне гэтай праблемы прадставіў Савет Еўропы.

У Беларусі ў 2022–2025 гадах афіцыйна выяўлена 1.161 ахвяра гандлю людзьмі і звязаных з ім злачынстваў, аднак за перыяд, што разглядаецца, толькі двум пацярпелым прысудзілі кампенсацыю, а бясплатную юрыдычную дапамогу прафесійных адвакатаў не атрымаў ніхто. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Групы экспертаў Савета Еўропы па барацьбе з гандлем людзьмі (GRETA), падрыхтаваным па выніках трэцяга раўнда ацэнкі выканання Беларуссю адпаведнай канвенцыі.

Анлайн замест палявой місіі

Эксперты таксама выказваюць занепакоенасць становішчам працоўных мігрантаў, адсутнасцю выяўленых ахвяр гандлю людзьмі сярод іншаземцаў, якія спрабуюць перасекчы мяжу з Еўрасаюзам, і скарачэннем магчымасцяў грамадскіх арганізацый дапамагаць пацярпелым.

Даклад змяшчае ацэнку сітуацыі ў Беларусі пасля папярэдняга раўнда маніторынгу, праведзенага ў 2022 годзе, і ўлічвае падзеі, якія адбыліся да 26 чэрвеня 2026 года. У адрозненне ад папярэдніх раўндаў маніторынгу, прадстаўнікі GRETA не змаглі наведаць Беларусь праз прыпыненне супрацоўніцтва Савета Еўропы з беларускімі ўладамі пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны, у якой удзельнічае рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Замест гэтага эксперты вывучылі прадстаўленыя ўладамі матэрыялы, правялі анлайн-сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, міжнародных і грамадскіх арганізацый.

GRETA прызнае, што немагчымасць непасрэдна азнаёміцца з працай устаноў, якія надаюць дапамогу пацярпелым, і канфідэнцыйна пагаварыць з ахвярамі гандлю людзьмі абмяжоўвае магчымасці ацэнкі практычнай сітуацыі.

Пры гэтым група адзначае, што беларускія ўлады неаднаразова аспрэчвалі яе высновы і звесткі, прадстаўленыя міжнароднымі арганізацыямі і грамадзянскай супольнасцю. Эксперты шкадуюць, што ўлады працягваюць ігнараваць раней выказаныя заўвагі і рэкамендацыі, што выклікае сумневы ў іх гатоўнасці выконваць прынцыпы і абавязацельствы канвенцыі.

Большасць пацярпелых зазнавалі сексуальную эксплуатацыю

Паводле інфармацыі МУС Беларусі, у 2022–2025 гадах выяўлена 1.341 меркаваная ахвяра гандлю людзьмі і звязаных з ім злачынстваў. Афіцыйна статус пацярпелых атрымалі 1.161 чалавек.

Сярод іх 685 дзяцей, або 59% агульнай колькасці (459 дзяўчынак і 226 хлопчыкаў). Удзельная вага жанчын склала 40%.

Пераважная большасць пацярпелых (1.122, або 96,6%) зазналі сексуальную эксплуатацыю. На іншыя формы эксплуатацыі, уключаючы працоўную, прыпала 39 выпадкаў.

Пры гэтым каля 86% пацярпелых эксплуатавалі непасрэдна на тэрыторыі Беларусі.

У 2022 годзе афіцыйна выяўлена 210 ахвяр, у 2023-м — 381, у 2024-м — 225, у 2025-м — 345. Для параўнання, за папярэдні пяцігадовы перыяд (2017–2021) выяўлена 753 пацярпелыя.

Эксперты падкрэсліваюць, што афіцыйная статыстыка, верагодна, не адлюстроўвае рэальных маштабаў гандлю людзьмі, паколькі значная частка такіх злачынстваў застаецца латэнтнай.

Беларускія ўлады паведамілі пра павелічэнне колькасці злачынстваў, звязаных з вырабам і распаўсюдам парнаграфічных матэрыялаў з выявамі дзяцей праз інтэрнэт. Акрамя таго, усё часцей злачынныя схемы сексуальнай эксплуатацыі жанчын арганізуюцца дыстанцыйна, калі вярбоўка і іншыя дзеянні ажыццяўляюцца з тэрыторыі замежнай дзяржавы.

Адна крымінальная справа за тры гады

Адной з найбольш прыкметных супярэчнасцяў, адзначаных GRETA, стала разыходжанне паміж колькасцю афіцыйна прызнаных пацярпелых і колькасцю крымінальных спраў непасрэдна паводле артыкулаў пра гандаль людзьмі.

У 2022–2024 гадах у Беларусі зарэгістравана 799 злачынстваў, якія адносяцца да гандлю людзьмі і звязаных з ім дзеянняў. Аднак за гэты перыяд суды разгледзелі толькі адну справу паводле артыкулаў 181 (“гандаль людзьмі”) і 1811 (“выкарыстанне рабскай працы”) Крымінальнага кодэкса.

Прыгавор вынес 26 снежня 2022 года суд Савецкага раёна Мінска. Чацвярых фігурантаў прызналі вінаватымі ў гандлі людзьмі, выкарыстанні рабскай працы і іншых злачынствах, уключаючы згвалтаванне і гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару. Ім было прызначана ад 13 да 19 гадоў пазбаўлення волі.

У 2023 і 2024 гадах, згодна з прадстаўленымі Вярхоўным судом звесткамі, асуджаных непасрэдна паводле артыкулаў 181 і 1811 не было.

Разам з тым экспертаў праінфармавалі яшчэ пра адну справу, паводле якой 29 кастрычніка 2025 года суд Заводскага раёна Мінска вынес прыгавор у сувязі з гандлем людзьмі для прымусовай працы.

GRETA мяркуе, што для прымянення артыкула 181 у Беларусі ўстаноўлены празмерна высокі парог даказвання. У выніку дзеянні, якія адпавядаюць міжнароднаму вызначэнню гандлю людзьмі, могуць кваліфікавацца паводле іншых артыкулаў КК, якія прадугледжваюць мякчэйшае пакаранне.

У прыватнасці, эксперты ўказваюць на падабенства паміж гандлем людзьмі і прымусам да занятку прастытуцыяй з ужываннем гвалту або пагроз.

GRETA зноў заклікае Беларусь прывесці крымінальна-прававое вызначэнне гандлю людзьмі ў адпаведнасць з канвенцыяй, у тым ліку наўпрост уключыць у яго злоўжыванне ўразлівым становішчам чалавека.

Адзначаецца, што ўлады краіны з такой ацэнкай не згодныя. На іх думку, існыя палажэнні КК, якія датычацца падману, злоўжывання даверам і эксплуатацыі, ужо ахопліваюць адпаведныя сітуацыі.

Бясплатная дапамога адвакатаў толькі на паперы

Асаблівая ўвага ў трэцім раўндзе маніторынгу нададзеная доступу пацярпелых да правасуддзя.

Беларускае заканадаўства прадугледжвае магчымасць бясплатнай юрыдычнай дапамогі ахвярам гандлю людзьмі. Аднак, паводле інфармацыі Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, з 2022 года такая дапамога не надаецца праз адсутнасць зваротаў.

GRETA лічыць сітуацыю трывожнай. Эксперты адзначаюць, што заканадаўчыя гарантыі не забяспечваюць дастаткова выразнага права пацярпелых на бясплатную дапамогу адваката непасрэдна ў крымінальных і іншых судовых працэсах. Акрамя таго, магчымасці абароны залежаць ад працэсуальнага статусу чалавека: правы адваката сведкі істотна вузейшыя, чым прадстаўніка пацярпелага або грамадзянскага істца.

Асобна разглядаецца становішча самой адвакатуры. Са спасылкай на экспертаў ААН GRETA ўказвае на пераслед адвакатаў, пазбаўленне іх ліцэнзій і вымушаную эміграцыю. Колькасць адвакатаў у Беларусі, паводле прыведзеных звестак, скарацілася з 2.200 у студзені 2020 года да 1.602 у студзені 2024-га.

Паводле ацэнкі GRETA, адсутнасць незалежнасці адвакатуры, запалохванне юрыстаў і скарачэнне іх колькасці ствараюць дадатковыя перашкоды для доступу пацярпелых да правасуддзя.

Эксперты зноў адзначаюць, што беларускія ўлады адхіляюць ацэнкі незалежных экспертаў ААН, не прызнаючы іх мандат. Скарачэнне колькасці адвакатаў яны тлумачаць рэформай адвакатуры 2021 года, пасля якой былі скасаваныя адвакацкія бюро і індывідуальная адвакацкая практыка.

GRETA заклікае забяспечыць ахвярам гандлю людзьмі доступ да адвакатаў, якія спецыялізуюцца на адпаведных справах, і гарантаваць магчымасць ажыццяўляць прафесійную дзейнасць без умяшання і асцярогі пераследу.

Кампенсацыі прысудзілі двум пацярпелым

Пытанне пакрыцця шкоды стала яшчэ адным прадметам крытыкі ў дакладзе.

У межах адзінай разгледжанай у 2022–2024 гадах крымінальнай справы пра гандаль людзьмі суд задаволіў два грамадзянскія пазовы. Кожнаму з двух пацярпелых прысудзілі 25 тыс. рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды, што адпавядае прыкладна 6,8 тыс. еўра.

Аднак, згодна з заўвагамі беларускіх уладаў да праекта даклада, па стане на 9 красавіка 2026 года матэрыялы былі перададзеныя органам прымусовага выканання для спагнання прысуджаных сум. Такім чынам, сам факт вынясення рашэння пра кампенсацыю яшчэ не азначае, што пацярпелыя фактычна атрымалі грошы.

У іншай справе пра гандаль людзьмі, разгледжанай у кастрычніку 2025 года, пытанне кампенсацыі прысудам не вырашалася.

GRETA таксама звяртае ўвагу на адсутнасць у краіне дзяржаўнай сістэмы кампенсацый ахвярам гвалтоўных злачынстваў, уключаючы гандаль людзьмі.

Як адзначаецца ў дакладзе, раней беларускія ўлады заяўлялі, што стварэнне спецыяльнага механізму для ахвяр гандлю людзьмі парушыла б прынцып роўнасці, паколькі пацярпелыя ад іншых злачынстваў такой магчымасці не маюць.

Эксперты з гэтай аргументацыяй не згодныя. Яны ўказваюць, што спагнанне сродкаў непасрэдна са злачынцаў часта аказваецца немагчымым, напрыклад, калі вінаватыя хаваюцца або не маюць маёмасці.

GRETA рэкамендуе стварыць дзяржаўны механізм кампенсацый, даступны пацярпелым незалежна ад іх грамадзянства і міграцыйнага статусу, а таксама больш актыўна выкарыстоўваць арышт і канфіскацыю злачынных актываў для пакрыцця прычыненай шкоды.

Міграцыйны крызіс: дзясяткі тысяч іншаземцаў і ніводнай выяўленай ахвяры

Асобны раздзел прысвечаны сітуацыі на межах Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй.

GRETA нагадвае, што з 2021 года дзясяткі тысяч мігрантаў і асоб, якія шукаюць прытулку, пераважна з краін Блізкага Усходу, Азіі і Афрыкі, прыбывалі ў Беларусь і спрабавалі перасекчы мяжу Еўрасаюза.

Пры гэтым беларускія памежнікі і органы, якія разглядаюць заявы аб міжнароднай абароне, не выявілі сярод іншаземцаў ніводнай ахвяры гандлю людзьмі.

На думку экспертаў, такая сітуацыя сведчыць пра адсутнасць эфектыўнага механізму актыўнага выяўлення пацярпелых сярод мігрантаў.

У дакладзе прыводзяцца звесткі літоўскай няўрадавай арганізацыі KOPŽI, якая з 2021 года выявіла каля 150 меркаваных ахвяр гандлю людзьмі, якія зазналі эксплуатацыі ў Беларусі пры спробах трапіць у ЕС. Сярод іх былі грамадзяне Нігерыі, Сенегала, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Самалі і Камеруна.

Пацярпелыя распавядалі пра вярбоўку пад выглядам працаўладкавання або магчымасці працягнуць спартыўную кар’еру ў Еўропе. Пасля прыбыцця ў Беларусь некаторыя аказваліся пад кантролем злачынцаў на працягу некалькіх месяцаў або нават года. Паведамлялася ў тым ліку пра сексуальную эксплуатацыю.

GRETA таксама звяртае ўвагу на паведамленні пра выпадкі гвалтоўнага выцяснення мігрантаў праз мяжу, жорсткае абыходжанне і выпадкі, калі людзі доўгі час заставаліся ў памежных лясах без належнай дапамогі.

Пры гэтым эксперты разглядаюць дзеянні не толькі беларускага боку, але і суседніх дзяржаў ЕС, выказваючы занепакоенасць практыкай прымусовага вяртання мігрантаў.

GRETA заклікае Беларусь забяспечыць выяўленне патэнцыйных ахвяр гандлю людзьмі сярод іншаземцаў і правяраць рызыкі паўторнай эксплуатацыі перад іх прымусовым вяртаннем у іншыя краіны.

Працоўныя мігранты трапляюць у залежнасць ад працадаўцаў

Яшчэ адна праблема звязаная са становішчам замежных работнікаў у Беларусі.

GRETA адзначае, што дзейнае заканадаўства стварае практычна поўную залежнасць працоўнага мігранта ад канкрэтнага працадаўцы, у тым ліку ў пытаннях законнага знаходжання, жылля і медыцынскага абслугоўвання.

Страта працы або канфлікт з наймальнікам могуць прывесці да страты легальнага статусу і дэпартацыі.

Дадатковымі фактарамі рызыкі эксперты называюць адсутнасць эфектыўных механізмаў абскарджання рашэнняў працадаўцаў і дзяржаўных органаў, а таксама незалежных прафсаюзаў.

Пры гэтым адзначаецца, што Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы Мінпрацы і сацабароны не ўпаўнаважаны самастойна выяўляць і афіцыйна ідэнтыфікаваць ахвяр гандлю людзьмі. Выявіўшы парушэнні міграцыйнага заканадаўства, інспектары абавязаныя інфармаваць МУС.

У 2022–2024 гадах у Беларусі выяўлена 131 меркаваная ахвяра гандлю людзьмі з мэтай працоўнай эксплуатацыі, але афіцыйна прызнаныя пацярпелымі толькі двое. Абодва выпадкі адносяцца да 2022 года.

GRETA лічыць такі разрыў сведчаннем сур’ёзных праблем у сістэме ідэнтыфікацыі пацярпелых.

У дакладзе прыводзіцца гісторыя маладой беларускі, якой прапанавалі высокааплатную працу ў Тайландзе паводле шасцімесячнага кантракта. Аднак пасля прыбыцця ў краіну яе некалькі разоў перасаджвалі з аднаго аўтамабіля ў другі, а затым пераправілі праз раку ў М’янму, на закрытую ахоўную тэрыторыю, якую выкарыстоўвалі злачынцы, што займаліся інтэрнэт-махлярствам.

Там дзяўчыну, як мяркуецца, прымушалі ўдзельнічаць у схемах падману замежных кліентаў. Яна павінна была здзяйсняць відэазванкі і выконваць атрыманыя інструкцыі. За адмову працаваць ёй пагражалі фізічным гвалтам.

Беларуска апынулася ў М’янме ў лістападзе 2023 года. Пакінуць краіну ёй удалося толькі ў сакавіку 2024-га, пасля таго як яна змагла звязацца з беларускімі дыпламатамі.

GRETA прыводзіць гэтую гісторыю са спасылкай на публікацыю СМІ ў 2024 годзе, звяртаючы ўвагу на выпадкі вывазу грамадзян Беларусі за мяжу для працоўнай эксплуатацыі.

Эксперты заклікаюць змяніць заканадаўства такім чынам, каб замежныя работнікі маглі сыходзіць ад наймальнікаў, якія іх эксплуатуюць, без рызыкі неадкладна пазбавіцца права на знаходжанне ў краіне.

Адзіны спецыялізаваны рэабілітацыйны цэнтр закрыўся

Істотнае месца ў дакладзе займае пытанне дапамогі пацярпелым.

Паводле даных беларускіх уладаў, у 2022–2024 гадах на атрыманне мер абароны і рэабілітацыі было накіравана 298 афіцыйна выяўленых ахвяр гандлю людзьмі, у тым ліку 270 дзяцей. Пры гэтым агулам за ўказаны перыяд афіцыйны статус пацярпелых атрымалі 816 чалавек.

У краіне дзейнічае сетка тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання і крызісных пакояў, аднак, паводле інфармацыі ўладаў, у 2022–2024 гадах ахвяры гандлю людзьмі не звярталіся па дапамогу ва ўстановы сістэмы працы і сацыяльнай абароны: пацярпелыя пераважна атрымлівалі дапамогу Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ) і грамадскіх аб’яднанняў.

У 2022–2025 гадах МАМ і яе партнёрскія арганізацыі выявілі і надалі індывідуальную дапамогу 254 пацярпелым

Да 2025 года ў Беларусі працаваў адзіны спецыялізаваны рэабілітацыйны цэнтр для ахвяр гандлю людзьмі, створаны пры ўдзеле МАМ. Там надавалі медыцынскую, псіхалагічную, гуманітарную і юрыдычную дапамогу, садзейнічалі прафесійнай падрыхтоўцы і працаўладкаванню.

За 2022–2025 гады дапамогу ў цэнтры атрымалі 229 чалавек. Аднак у 2025 годзе адпаведны праект завяршыўся, МАМ прыпыніла непасрэднае наданне дапамогі пацярпелым, рэабілітацыйны цэнтр закрыўся.
GRETA падкрэслівае неабходнасць забяспечыць устойлівае фінансаванне спецыялізаваных арганізацый і надаваць дапамогу ахвярам гандлю людзьмі столькі часу, колькі патрабуецца з улікам іх індывідуальных патрэбаў.

Ліквідацыя грамадскіх арганізацый аслабіла сістэму абароны

Эксперты звязваюць праблемы супрацьдзеяння гандлю людзьмі і са скарачэннем прасторы для дзейнасці грамадзянскай супольнасці пасля падзей 2020 года.

У дакладзе адзначаецца ліквідацыя больш як тысячы грамадскіх арганізацый, узмацненне жорсткасці патрабаванняў да іх рэгістрацыі, пераслед актывістаў і вымушаная эміграцыя прадстаўнікоў няўрадавага сектара.

У прыватнасці, было ліквідавана міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Гендарныя перспектывы” (у верасні 2021 года), якое спецыялізавалася на супрацьдзеянні гандлю людзьмі і хатняму гвалту, а таксама непасрэднай дапамозе пацярпелым.

Адзначаецца, што працягвае працаваць брэсцкае аб’яднанне “Клуб дзелавых жанчын”, якое дапамагае ахвярам гандлю людзьмі і кансультуе па пытаннях бяспечнай міграцыі. Аднак удзел незалежных арганізацый у прыняцці рашэнняў застаецца абмежаваным.

GRETA прыводзіць паказальную статыстыку: у 2022 годзе грамадскія і міжнародныя арганізацыі выявілі 50 меркаваных ахвяр гандлю людзьмі, у 2023-м — 69, у 2024-м — восем, а ў 2025-м — ніводнай.

Эксперты заклікаюць беларускія ўлады перагледзець заканадаўства, якое перашкаджае дзейнасці профільных няўрадавых арганізацый, забяспечыць ім доступ да фінансавання і наладзіць паўнавартаснае супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю.

Што змянілася і чаго патрабуюць эксперты

GRETA адзначае і некаторыя станоўчыя змены ў краіне.

У прыватнасці, пашырана выкарыстанне спецыяльных памяшканняў для апытання дзяцей, якія пацярпелі ад гвалту і эксплуатацыі, прыняты шэраг нарматыўных актаў, накіраваных на змяншэнне псіхалагічнай траўматызацыі непаўналетніх падчас следчых дзеянняў.

Створаны нацыянальны механізм дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад сексуальнага гвалту і эксплуатацыі.

Разам з тым эксперты лічаць неабходным забяспечыць прымяненне спецыяльных працэдур да ўсіх непаўналетніх ва ўзросце да 18 гадоў, а не толькі да дзяцей малодшага ўзросту.

Сярод іншых рэкамендацый GRETA — замацаваць у заканадаўстве спецыяльны перыяд аднаўлення і абдумвання далейшых дзеянняў для меркаваных ахвяр гандлю людзьмі, гарантаваць прынцып непакарання пацярпелых за супрацьпраўныя дзеянні, якія яны былі вымушаныя ўчыніць у выніку эксплуатацыі, і забяспечыць незалежную ацэнку дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы.

Асобна рэкамендуецца прыняць нацыянальны план супрацьдзеяння гандлю людзьмі. Самастойнага дакумента такога кшталту ў Беларусі няма з 2013 года: адпаведныя меры ўключаныя ў праграмы па барацьбе са злачыннасцю, абароне дзяцей і забеспячэнні гендарнай роўнасці.

Абавязацельствы Беларусі працягваюць дзейнічаць

Беларусь далучылася да Канвенцыі Савета Еўропы аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі ў 2013 годзе, дакумент пачаў дзейнічаць для краіны 1 сакавіка 2014-га. Першы даклад GRETA аб выкананні Беларуссю канвенцыі быў апублікаваны ў 2017 годзе, другі — у 2022-м.

Пасля прыпынення супрацоўніцтва Савета Еўропы з беларускімі ўладамі краіна страціла магчымасць удзельнічаць у пасяджэннях Камітэта бакоў канвенцыі, аднак захавала права прадстаўляць інфармацыю і пісьмовыя заўвагі ў межах маніторынгу.

Абавязацельствы Беларусі паводле канвенцыі працягваюць дзейнічаць.

Падзяліцца: