Мінск 21:13

На думку Лукашэнкі, большасць жыхароў Калінінграда — беларусы, статданыя гэта не пацвярджаюць

Калінінград
Ілюстрацыйнае фота: Ксенія Баталава / unsplash.com

9 чэрвеня, Позірк. У савецкія часы Беларусь, “вобразна кажучы, <…> была адказнай за Калінінградскую вобласць”, з тых часоў у краіне “захавалася асаблівае стаўленне да гэтага рэгіёну”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 чэрвеня ў Мінску на сустрэчы з губернатарам згаданага суб’екта Расіі Аляксеем Беспразваных.

“Мы гатовыя заўсёды падставіць вам плячо, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Мы жывем у суверэнных незалежных дзяржавах, але ў мяне заўсёды гэтае пачуццё… Я, паверце, адчуваю сваю адказнасць, як і беларусы, за гэты куток нашай агульнай айчыны. Таму вы можаце на нас спадзявацца ў тым, на што мы здольныя ў Беларусі”.

Лукашэнка звярнуў увагу на “некаторае зніжэнне ва ўзаемным гандлі”, у тым ліку па экспарце з Беларусі, у чым, паводле яго слоў, “правіна перш за ўсё” Мінска. “Мы таксама будзем старацца, каб дасягнуць як мінімум таго, што мы мелі”, — заявіў ён, папрасіўшы суразмоўцу дапамагчы выправіць гэтую сітуацыю.

Палітык канстатаваў “наяўнасць некаторых цяжкасцей з лагістыкай паставак” у Калінінградскую вобласць, праз якія беларуская прадукцыя ідзе “доўгімі маршрутамі” — “спачатку на поўнач, а потым на паўднёвы захад”. “Але гэта не апраўданне таго, што мы крыху ўпалі апошнім часам”, — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, перш за сельская гаспадарка Беларусі “была арыентаваная ў тым ліку на Калінінградскую вобласць”. “Будзьце ўпэўненыя, што, нягледзячы на ​​пэўныя праблемы з лагістыкай, мы патрэбную колькасць паставім прадуктаў харчавання. Усялякіх. У тым ліку і бульбы няшчаснай. Мяне ўжо сёння ўрад праінфармаваў, што свежая маладая бульба беларуская на прылаўкі пайшла”, — сцвярджае палітык.

Лукашэнка заявіў пра “асаблівую блізкасць” Беларусі і Калінінградскай вобласці РФ: “Калінінградцы — людзі нашыя. Мы заўсёды пра гэта ведаем”.

“Калі б можна было палічыць, колькі там беларусаў сярод расіян ды іншых (але гэта немагчыма, я ніколі ў сваёй практыцы гэтага не рабіў), то там пераважная большасць, напэўна, была б беларусаў”, — заявіў ён.

Варта адзначыць, што, паводле апошняга перапісу насельніцтва РФ, у 2021 годзе ў Калінінградскай вобласці пражывала 1.027.678 чалавек — у тым ліку 809.546 рускіх (78,6%), 12.515 украінцаў (1,2%), 11.360 беларусаў (1,1%). Апрача іх у вобласці жылі армяне, літоўцы, немцы, татары, узбекі, азербайджанцы, палякі, таджыкі (у парадку змяншэння). 143.260 жыхароў рэгіёну (13,9%) не пазначыла нацыянальнасць, 25.706 (2,5%) пазначыла “іншую”.

Беспразваных на сустрэчы з Лукашэнкам заявіў, што ў яго дэлегацыі тры члены абласнога ўрада нарадзіліся ў Беларусі. “Гістарычна мы разам, як брацкія народы, жылі і будзем жыць”, — заявіў ён.

Падзяліцца: