Мінск 19:30

Лукашэнка прызнаў дэфіцыт кадраў і прыезд у сувязі з гэтым “людзей з іншых рэгіёнаў свету”

Ілюстрацыйнае фота: агенцтва "Мінск-Навіны"

9 чэрвеня, Позірк. З улікам дэфіцыту працоўных рэсурсаў “у Беларусь пачалі прыязджаць людзі з іншых рэгіёнаў свету, што выклікала пэўную рэакцыю ў грамадстве”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 чэрвеня ў Мінску на сустрэчы з губернатарам Калінінградскай вобласці Расіі Аляксеем Беспразваных.

“Я кажу: добра, мы нікога сюды (клікаць не будзем. — “Позірк”.), у нас жорстка гэта кантралюецца, але тады прадукцыйнасць працы трэба як у Еўрасаюзе — у тры-пяць разоў вышэйшая, цытуе спікера яго прэс-служба. — Таму што калі мы не будзем канкурэнтнымі з Еўрапейскім саюзам, нам няма чаго там рабіць [у плане гандлю таварамі], асабліва Калінінграду і Беларусі. Таму што ў нас тая эканоміка, якая ўласцівая ўсяму Еўрапейскаму саюзу. І з імі трэба канкураваць. А, значыць, гэта найперш працоўны чалавек”.

Паводле даных Дзяржаўнай службы занятасці на 9 чэрвеня, 210.972 вакансіі адкрыты на рынку працы Беларусі. Напрыканцы красавіка “Позірк” паведамляў, што колькасць свабодных працоўных месцаў (вакансій), заяўленых арганізацыямі ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, за апошнія 30 гадоў вырасла ў 8,8 раза (з 18.315 да 161.281).

У 2025 годзе і бліжэйшыя 10 гадоў тэндэнцыі няхваткі персаналу на рынку працы ў цэлым будуць захоўвацца, заяўляла 19 лютага дырэктар сэрвісу па пошуку працы і персаналу “HeadHunter Беларусь” Святлана Шапарава.

Супраца ў працоўнай сферы сярод іншага абмяркоўвалася 7 чэрвеня на сустрэчы беларускага амбасадара Уладзіміра Баравікова і прадстаўнікоў генеральнага консульства ў Хашыміне з першым намеснікам старшыні Народнага камітэта в’етнамскай правінцыі Кханьхоа Ле Хыу Хаангам. Намеснік кіраўніка правінцыі прапанаваў беларускім гасцям “сумесна абмяркоўваць і абменьвацца інфармацыяй пра патрэбы Беларусі ў працоўнай сіле і ўмовах найму, каб рабочыя з Кханьхоа маглі працаваць у Беларусі”.

11 красавіка Аляксандр Лукашэнка па выніках сустрэчы з пакістанскім прэм’ер-міністрам Шахбазам Шарыфам заявіў, што Мінск і Ісламабад дамовіліся выпрацаваць механізм для прыезду ў Беларусь працоўных мігрантаў з Пакістана. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць на працу 100–150 тыс. адмыслоўцаў з гэтай краіны.

Гэтыя планы выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве.

“Зацікаўленыя” хочуць “узрушыць беларускае грамадства” праблемай мігрантаў, у прыватнасці тэмай прыезду ў Беларусь работнікаў з Пакістана, заявіў Лукашэнка 25 красавіка на нарадзе аб развіцці раёнаў Гомельскай вобласці, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на ЧАЭС.

“КДБ даручыў: паглядзіце, праверце, адкуль ногі растуць, — казаў ён. — Ад збеглых глядзяць, дзе мы нешта там сказалі, каб гэта вывярнуць і ў народ укінуць. [КДБ] адну такую ​​кропку ў Беларусі выявілі. <…> Як выявілася, смаркач 16-гадовы. Ну не ён жа гэта прыдумаў і адглядзеў. Яму адтуль (з-за мяжы. — “Позірк”.) скінулі інфармацыю сюды: ты, давай тут, круці. Па-мойму, у Брэсцкай вобласці знайшлі такую ​​групу”.

Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што выяўленыя “актыўныя правакатары, якія наўмысна спрабавалі нагнятаць абстаноўку ў краіне і маніпуляваць грамадскай думкай”, распаўсюджваючы інфармацыю пра ўезд у Беларусь 150 тыс. грамадзян Пакістана. МУС не пазначала, што гаворка ідзе пра непаўнагадовага грамадзяніна, як сцвярджаў Лукашэнка.

Звязаны з сілавікамі тэлеграм-канал апублікаваў відэазапіс з затрыманымі за каментарыі і ролікі ў “ЦікТоку” 18-гадовым хлопцам і 20-гадовай дзяўчынай. Маладыя людзі выбачаліся за “распаўсюджванне фэйкаў” і “гнеўныя каментары на адрас жыхароў цудоўнай краіны Пакістана”.

4 траўня міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка заявіла ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1”, што адбываецца планамерны рост вакансій, які “абумоўлены і змяненнем заканадаўства”: закон пра занятасць прадугледжвае абавязковае размяшчэнне кожнай вакансіі на сайце Агульнарэспубліканскага банка вакансій. Гэта дазваляе “ацаніць рынак працы”, сказала Паўлючэнка.

21 траўня Лукашэнка падпісаў указ “Аб падвышэнні ролі наймальнікаў у галіне знешняй працоўнай міграцыі”, які прадугледжвае адказнасць працадаўцаў за замежных работнікаў. На наступны дзень палітык прыгразіў мігрантам імгненнай дэпартацыяй за парушэнне працоўных дагавораў.

Летась у траўні намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч выказала меркаванне, што з улікам дэфіцыту кадраў на першым месцы паводле актуальнасці павінна стаяць “задача не прыцягнення новых працоўных рэсурсаў здалёк”, а ўтрыманне сваіх кадраў, а яшчэ лепш — “вяртанне грамадзян, якія мігравалі”.

Паводле даных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінула Беларусь пасля падзей жніўня 2020 года. Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называла меншую лічбу — 100 тыс. У лютаўскім дакладзе Групы незалежных экспертаў ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі гаварылася, што з краіны за гэты час магло з’ехаць да 600 тыс. грамадзян.

Падзяліцца: