Мінск 11:37

За пяць месяцаў 2025 МАЗ прадаў на рынку РФ у 2,4 раза менш аўтобусаў, чым за аналагічны леташні перыяд

Ілюстрацыйнае фота: Гроднааблаўтатранс

12 чэрвеня, Позірк. У траўні 2025 года на расійскім рынку рэалізавана 43 новыя аўтобусы Мінскага аўтамабільнага завода — у 5,4 раза больш, чым годам раней (8), сведчаць прааналізаваныя “Позіркам” звесткі агенцтва “АСМ-холдынг” (РФ).

Больш за ўсё аўтобусаў у мінулым месяцы паставілі ПАЗ (РФ) — 286 (-51,3%), Yutong (Кітай) — 103 (-48%) і ЛіАЗ (РФ) — 71 (-57%).

За студзень — травень 2025 года на рынку РФ рэалізавана 117 аўтобусаў МАЗ (280; падзенне ў 2,4 раза).

Усяго за 2024 МАЗ рэалізаваў у РФ 504 адзінкі гэтай тэхнікі (у 2023-м — 925; -45,5%) — 9-е месца (доля 2,6%).

Лідэрамі продажаў летась былі ПАЗы (8.114; +26,3%), ЛіАЗы (2.889; +63,2%) і Yutong (2.215; +6,2%).

“Усе чулі, у штогадовым пасланні прэзідэнт Расіі анансаваў, што да 2030 года суб’екты Федэрацыі павінны атрымаць каля 40 тыс.аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Грошы на гэта выдзелены. Задача беларускай прамысловасці-падключыцца і забяспечыць не менш за 30% патрэбных аб’ёмаў”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка 2024 года на нарадзе па развіцці прамысловасці.

Разам з тым ён адзначыў, што “айчынная прадукцыя саступае аналагам як па цане, так і па якасці”.

Беларускія аўтобусы рэгулярна загараюцца падчас руху РФ і Беларусі, прычынай гэтага называюцца санкцыі, уведзеныя супраць МАЗа дэмакратычнымі краінамі, якія пазбавілі яго часткі якасных камплектуючых.

Апошні падобны выпадак, пра які пісалі СМІ, быў зафіксаваны 14 мая ў Варонежскай вобласці. Да гэтага аўтобусы гарэлі 5 красавіка ў Санкт-Пецярбургу, 23 сакавіка — у Кіраве, 13 студзеня — у Ліпецку.

Праблему з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнка, які 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю РФ Веніямінам Кандрацьевым заявіў, што прычына ўзгарання пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасці “якаснага і своечасовага абслугоўвання”. Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўванне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

На прэс-канферэнцыі 25 кастрычніка 2024 года намеснік галоўнага канструктара па грузавой тэхніцы Мінскага аўтазавода Мікалай Лакотка заявіў, што прычынамі частага ўзгарання тэхнікі прадпрыемства ў РФ з’яўляецца парушэнне ўмоў і правілаў эксплуатацыі.

Паводле яго слоў, тэхніка “стала вельмі цяжкая, энерганасычаная, таму ўмовы эксплуатацыі і правілы эксплуатацыі ніхто не адмяняў”.

12 студзеня 2025 года расійскае інтэрнэт-СМІ “Фонтанка“ апублікавала інтэрв’ю з кіраўніком камітэта па транспарце мэрыі Санкт-Пецярбурга Валянцінам Янакаевым, у якім чыноўнік адзначыў, што “пасля першых інцыдэнтаў з узгараннямі“ МАЗу “было дадзена даручэнне“ з боку віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова разабрацца ў сітуацыі. Чыноўнік сцвярджаў, што беларускае прадпрыемства вырашыла праблему.

Падзяліцца: