Мінск 02:37

У суд накіраваная справа першага намесніка начальніка БЧ, у якога канфіскавалі больш за 3 млн долараў

Крыніца: "Яндэкс. Мапы"

16 чэрвеня, Позірк. Крымінальная справа ў дачыненні да першага намесніка начальніка Беларускай чыгункі Пятра Дулуба накіраваная ў суд, паведаміла 16 чэрвеня прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Топ-менеджару БЧ інкрымінаванае “атрыманне хабару ад прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый”, а таксама “наўмыснае насуперак інтарэсам службы невыкананне сваіх абавязкаў з карыслівай зацікаўленасці”. Дзеянні кваліфікаваныя паводле ч. 2 і 3 арт. 430 (атрыманне хабару) і ч. 3 арт. 425 (бяздзеянне службовай асобы) Крымінальнага кодэкса.

“Папярэднім следствам даказанае атрыманне абвінавачаным хабараў у асабліва буйным памеры, — сцвярджае наглядны орган. — Акрамя гэтага канфіскаваныя ў ходзе расследавання крымінальнай справы больш як 3 млн долараў накіраваныя ў даход дзяржавы”.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Дулуб, “выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы з прыцягненнем прыватнай лагістычнай кампаніі, арганізаваў за хабар транзіт вугалю з Казахстана ў Польшчу праз тэрыторыю Беларусі насуперак інтарэсам дзяржаўнай арганізацыі чыгуначнага транспарту”.

Абвінавачаны, як сцвярджаецца, “шматразова атрымліваў хабары” за садзейнічанне ў “прадастаўленні камерцыйным структурам у карыстанне вагонаў”, якія належаць БЧ.

14 траўня стала вядома, што Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу намесніка начальніка БЧ (прозвішча не называлася), які абвінавачваецца паводле ч. 3 арт. 430 КК.

Заяўлялася, што фігурант справы “атрымаў у якасці хабару сертыфікаты на набыццё бытавой тэхнікі ў суме 5,5 тыс. рублёў”. Гэта, як сцвярджалася, была ўзнагародай за “аказанне садзейнічання ў правядзенні тэхнічных выпрабаванняў і конкурсных працэдур пры закупцы рэек, а таксама за забеспячэнне своечасовай аплаты тавараў”.

3 чэрвеня 2024 года ініцыятыва “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі” са спасылкай на свае крыніцы паведаміла пра затрыманне Дулуба — “за карупцыю”, а напрыканцы ліпеня — намесніка начальніка БЧ Сяргея Сізіна і галоўнага інжынера Сяргея Навадворскага.

Летась 14 кастрычніка ініцыятыва паведаміла пра затрыманне ў рамках арт. 430 КК начальніка службы перавозак БЧ Віталя Панюшэнкі, яго намесніка — начальніка цэнтра кіравання перавозкамі (ЦКП) Фёдара Шулянкова, а таксама першага намесніка начальніка ЦКП — кіраўніка аператыўна-распарадчага аддзела Аляксандра Іванова.

1 красавіка прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў пацвердзіла затрыманне напрыканцы 2024 года начальніка службы перавозак БЧ, яго намесніка, а таксама першага намесніка начальніка цэнтра кіравання перавозкамі БЧ.

Адзначалася, што ўсе трое — падначаленыя аднаго з кіраўнікоў БЧ, якога затрымалі летась улетку за “сістэматычнае атрыманне хабараў” на агульную суму каля 3 млн долараў.

МУС заяўляла, што “фігуранты на працягу трох гадоў сістэматычна атрымлівалі хабар ад прадстаўнікоў камерцыйных структур за спрыяльнае вырашэнне пытанняў пра выдзяленне высокаліквіднага інвентарнага чыгуначнага парку”. Сумы “складалі дзясяткі тысяч рублёў”.

Паводле інфармацыі ведамства, Следчы камітэт узбудзіў шэсць крымінальных спраў. Падазраваныя знаходзяцца ў следчым ізалятары і, як сцвярджаецца, “актыўна супрацоўнічаюць са следствам”. МУС адзначала, што ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

На фоне гучных крымінальных спраў кіраўніцтва БЧ 26 красавіка прынесла клятву аб “недапушчальнасці карупцыйных праяў”.

Падзяліцца: