Мінск 04:52

Лукашэнка паскардзіўся на “ныццё” і “вый” праз дэфіцыт бульбы і прапанаваў вырошчваць яе на прысядзібных участках

17 чэрвеня, Позірк. З тым, што беларуская моладзь нібыта не звыкла працаваць, звязаў дэфіцыт бульбы ў краіне Аляксандр Лукашэнка на “семінары-нарадзе па сельскай гаспадарцы” ў Астрашыцкім гарадку (Мінскі раён) 17 чэрвеня.

“Калі вы думаеце, што наша моладзь, якая ідзе за намі, будзе так працаваць [як папярэднія пакаленні], вы памыляецеся ці самі сябе падманваеце. Не будзе. Гэта іншая моладзь. Яны думалі, што бульба расце ў інтэрнэце. Аказалася, не ў інтэрнэце бульба расце, яна расце ў полі”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

“У нас ныюць — пачынаючы ад вёскі да раённага цэнтра і гарадоў — людзі, якія маюць свае лецішчы. Што вы ныеце, што вы выеце? У нас хапае насення. Дык вы дзве баразёнкі для сябе [пасадзіце], каб два мяхі бульбы [выкапаць]. Высаджвайце на гэтым кавалку зямлі ці ў вёсках. У вёсцы ж не апрацоўваюць участкі”, — заўважыў палітык.

“Дык чаму мы гэтым не займаемся? Чаго мы ўсё ходзім і ныем, чагосьці нам не хапае. Я разважаю, можа быць, як рэтраград і кансерватар нейкі, але ў жыцці нічога не прыдумалі іншага: каб нешта мець, трэба пагарбаціцца. Не гарбацімся — будзе дрэнна. Наша моладзь да гэтага не звыкла. І калі вы думаеце, што размовамі мы яе прывучым, — нічога падобнага”, — дадаў ён.

Тыднем раней, 10 чэрвеня, Лукашэнка звязаў дэфіцыт бульбы ў Беларусі з “палітыкай”. Тады ён заявіў, што Камітэт дзяржаўнага кантролю раней праверыў “некаторых дзеячаў” і высветліў прычыны недахопу караняплода.

“У палітыцы было справа. Бульбы хапала. Дзесьці прытрымалі, каб паказаць, што прэзідэнт у цэнаўтварэнне ўмяшаўся, таму вось вынік (відаць, мелася на ўвазе адсутнасць бульбы, а таксама вельмі высокія цэны на яе ў крамах. — “Позірк”.). А калі ён (відаць, нехта з сілавікоў. — “Позірк”.) з кайданкамі прыйшоў, на стол паклаў — бульба з’явілася”, — сказаў Лукашэнка.

Ён не ўдакладніў, хто менавіта і да каго прыходзіў “з кайданкамі”, не канкрэтызаваў таксама, якім чынам бульбу “прытрымалі”. Але заявіў, што ў Беларусі “ўсяго хапае”, у тым ліку бульбы.

8 траўня Лукашэнка прызнаў дэфіцыт бульбы ў Беларусі. Ён сказаў, што грамадзяне хочуць купляць айчынную прадукцыю па нізкіх цэнах, а “сяляне, наадварот, зацікаўлены прадаць свой тавар даражэй”. У Расіі цэны на бульбу аказаліся ў некалькі разоў вышэйшыя, чым у Беларусі, таму вытворцы арыентаваліся на расійскі рынак.

27 траўня ўрад Беларусі зняў забарону на ўвоз бульбы з дзяржаў Еўрасаюза і іншых “несяброўскіх краін”. Пры гэтым было заяўлена, што рашэнне з’яўляецца “адказам на чарговыя санкцыі ЕС”.

12 снежня 2024 года было ўведзена трохмесячнае ліцэнзаванне вывазу бульбы.

Валовы збор бульбы ў 2024 годзе склаў 3.110,9 тыс. тон — на 22,6% менш, чым у 2023-м (4.020,8 тыс.), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Падзяліцца: