Беларусь працягвае дамагацца ад Расіі стварэння агульных энергарынкаў

19 чэрвеня, Позірк. Мінск перакананы, што “ўзаемадзеянне з расійскімі калегамі“ прынясе “ўмацаванне энергетычнай бяспекі Беларусі, Расіі і Саюзнай дзяржавы агулам”. Пра гэта 19 чэрвеня падчас Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму (ПМЭФ) заявіў міністр энергетыкі Дзяніс Мароз.
“Важным напрамкам, безумоўна, з’яўляецца энергетычнае ўзаемадзеянне ў частцы фармавання агульных энергетычных рынкаў, — цытуюць беларускага чыноўніка дзяржСМІ. — Ад таго, наколькі эфектыўна мы забяспечваем роўны доступ да энергетычных рэсурсаў у дзвюх краінах, залежыць тое, як эфектыўна развіваюцца абедзве эканомікі. Менавіта таму яшчэ ў дамове 1999 года [аб стварэнні Саюзнай дзяржавы] былі закладзеныя пасылы аб тым, што неабходна фармаваць агульныя энергетычныя рынкі“.
Паводле слоў Мароза, калі раней Мінск і Масква фармавалі электраэнергетычныя рынкі паводле “некалькіх розных правілаў”, то ў цяперашні час імкнуцца “сінхранізавацца і выходзіць на новы трэк, калі правілы фармавання агульнага электраэнергетычнага рынку для дзвюх краін будуць аднолькавыя“.
На першым этапе, адзначыў ён, “у нас будзе ўзаемадзеянне на ўзроўні ўпаўнаважаных арганізацый”. “І далей, у залежнасці ад таго, як мы будзем рухацца па іншым трэку энергетычным — фармаванні агульнага газавага рынку, — будзе адбывацца далейшая паглыбленая інтэграцыя ў частцы электраэнергетычнай“, — лічыць Мароз.
У Санкт-Пецярбургу міністр правёў сустрэчу з кіраўніком “Газпрама“ Аляксеем Мілерам, на якой бакі, як адзначае прэс-служба расійскай кампаніі, адзначылі “высокую надзейнасць паставак расійскага газу беларускім спажыўцам і адказную працу <…> “Газпрам трансгаз Беларусі“ ў эксплуатацыі газатранспартнай сістэмы рэспублікі”.
Асобная ўвага на сустрэчы была нададзеная “паспяховаму супрацоўніцтву “Газпрама“ з беларускімі прадпрыемствамі і перспектывам яго развіцця”.
Паводле інфармацыі прэс-службы Міністэрства эканомікі, кіраўнік ведамства Юрый Чабатар, выступаючы на ПМЭФ, адзначыў “сістэматызацыю і выбудоўванне прыярытэтаў праз фармаванне стратэгій развіцця галін на саюзным узроўні“.
“У Беларусі сёння ідзе актыўная праца над праектамі праграмных дакументаў: Праграмы-2030, пакета дзяржпраграм на 2026-2030 гады і галіновых стратэгій на найбліжэйшыя 10 гадоў. У Расійскай Федэрацыі сфармаваны пул новых нацыянальных праектаў, якія будуць рэалізоўвацца да 2030 года з перспектывай па асобных напрамках да 2036 года“, — адзначыў кіраўнік Мінэканомікі.
Чыноўнік лічыць, што пры вызначэнні галіновых кропак росту саюзнага маштабу важна “забяспечыць іх узаемаўвязку з нацыянальнымі доўгатэрміновымі і сярэднетэрміновымі прагнозамі развіцця“. Таксама ў гэтай працы, на яго думку, варта ўлічваць “глабальныя трэнды, перспектыўныя нішы, пералікі тэхналогій для асваення тавараў крытычнага імпарту, стварэння новых вытворчых ланцужкоў“.
“Канкрэтны камерцыйны вынік” Чабатар назваў “арыенцірам для зацвярджэння бюджэтных праграм Саюзнай дзяржавы“, а “вынікі выкананых праграм“ — “крыніцай папаўнення бюджэту СД з магчымасцю далейшага фінансавання новых распрацовак”.
Мінск і Масква вырашылі перанесці стварэнне агульнага рынку нафты і нафтапрадуктаў на 1 студзеня 2027 года, паведаміла 23 красавіка на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў намеснік старшыні канцэрна “Белнафтахім“ Святлана Гурына. Паводле яе слоў, бакі вядуць па гэтым пытанні “паэтапную працу”.
“У кожнай дзяржаве склалася свая сістэма работы на рынку нафты і нафтапрадуктаў, яна патрабуе ўзважанага і ўважлівага падыходу, асэнсавання, — падкрэсліла Гурына. — Абмяркоўваючы ўсе гэтыя пытанні ў рамках раней распрацаваных саюзных праграм, бакі прыйшлі да разумення, што працэс па фарміраванні агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў патрабуе дбайнай прапрацоўкі“.
Палата прадстаўнікоў 23 красавіка ратыфікавала пратакол аб унясенні змяненняў у міжурадавае пагадненне аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў ад 12 студзеня 2007 года, які быў падпісаны 6 снежня 2024 года.
Дакументам прадугледжана падаўжэнне тэрміну дзеяння пагаднення да 31 снежня 2026 года і далейшае яго аўтаматычнае падаўжэнне.
Акрамя таго, скасаваныя канкрэтныя тэрміны дзеяння нормы аб штогадовым уключэнні ў індыкатыўныя балансы сырой нафты, прызначанай для Беларусі, у аб’ёме 24 млн тон, якая пастаўляецца трубаправодным і іншымі відамі транспарту (цяпер гэтая норма дзейнічае на перыяд дзеяння пагаднення).
29 студзеня 2024 года ў Санкт-Пецярбургу на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь і РФ “пакуль цалкам не вызначыліся па самых галоўных пытаннях — гэта тычыцца стварэння адзіных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў”. Ён рэгулярна абмяркоўвае гэтыя пытаньні з расійскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.
Раней Лукашэнка адзначаў, што адзіны энергарынак — адно з ключавых пытанняў, якое трэба ўрэгуляваць у адносінах Масквы і Мінска.
У Расіі і Беларусі ёсць пытанні, па якіх яны спрачаюцца, прычым гэтыя спрэчкі “ідуць нон-стоп — на пастаяннай аснове, проста рэальна нон-стоп“. Пра гэта, згодна з распаўсюджанай прэс-службай Крамля стэнаграме, заявіў Пуцін на прэс-канферэнцыі ў ноч на 19 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу.
“Я проста цяпер не буду ўдавацца ў дэталі, але ў канчатковым выніку мы знаходзім рашэнні заўсёды, таму што мы імкнемся да пошуку шчыра, таму знаходзім. Упэўнены, так будзе і далей”, — дадаў расійскі кіраўнік.
2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Лукашэнка падпісалі дамову аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, 2 красавіка 1997-га — дагавор аб саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут Саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.
Мінск ужо многія гады не можа дамовіцца з Масквой пра адзіны рынак энерганосьбітаў. Раней у Крамлі заяўлялі, што ўнутрырасійскія цэны магчымыя толькі пры ўмове ўваходжання Беларусі ў склад РФ.

- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь заняла чацвёртае месца па росце цэн за пяць месяцаў 2025 года на тэрыторыі былога СССР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаБеларусы, у тым ліку нізавыя чыноўнікі, супраціўляюцца спробам Расіі перацягнуць іх на свой культурніцкі бок — Баркоўскі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка